Рабіць дабро
Пятница, 21.10.2016 09:08. Рубрика: Вершы
Сеў мядзведзь на пень гарбаты,
Што быў крэслам для яго,
Выпіў конаўку гарбаты
З залацістым пірагом.
Ўзяў рыдлёўку і вядро
І пайшоў рабіць дабро.
Перш – ён зайцу-слабаручку
Моркву выкапаў і бручку.
Зазірнуў і да баброў,
Да сваіх малых сяброў,
І пачаў дапамагаць
Ім запруду будаваць.
Адпачыў і зноў – наперад:
Трэба шлях лясны праверыць.
Ён ішоў гаспадаром,
А не бесклапотна клыпаў.
Знёс з дарогі буралом
І калдобіны засыпаў.
А вярнуўшыся дадому,
Сеў на крэсла – пень гарбаты.
З’еў усмак пірог мядовы,
Выпіў конаўку гарбаты.
Пазяхнуў: – Пайду ў цянёк
І прылягу на бачок,
Болей сілы каб набрацца,
Бо яшчэ чакае праца.
Іван МУРАВЕЙКА