Воблака
Среда, 19.10.2016 07:53. Рубрика: Вершы
Уткнуўшы ў бераг вудзільно,
Я вуджу раніцою.
А воблака? Плыве яно
І небам і вадою.
Нарэшце клюнула разок –
І рыбка немалая! –
З пяром гусіным паплавок
Пад воблака нырае.
Стаіў дыханне. Цішыня…
Убок рукой умелай
Я падсякаю галаўня,
Цягну з хмарынкі белай.
Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
І неба ў ёй не тое…
А воблака? Яно ў руках
Трапечацца жывое.
Аркадзь КУЛЯШОЎ
Аркадзь КУЛЯШОЎ (6.02. 1914 – 4.02. 1978) – народны паэт БССР. Ужо ў чатыры гады вучыўся ў школе. Свае першыя яркія творы напісаў у чатырнаццаць гадоў. Калі яму было пятнаццаць, склаў паэтычны шэдэўр “Бывай…”, які ў выкананні ансамбля “Песняры” набыў шырокую вядомасць пад назвай “Алеся”.
Чытай Аркадзя Куляшова. Натхняйся! І памятай: класікам можна стаць у любым узросце!