Жывы барометр
Сямейнае чытанне
На лета Міша паехаў гасцяваць у вёску да цёткі, якая працавала настаўніцай. Хутка хлопчык прывык, пасябраваў з такімі ж, як сам, вучнямі і цэлымі днямі прападаў з імі то на рэчцы, то ў лесе.
– Цётка Паліна, мы сёння зноў пойдзем у лес, – сказаў Міша за сняданкам.
– Тады вазьмі з сабою плашч.
– Навошта?
– Можа быць дождж.
Міша засмяяўся:
– Адкуль вы ведаеце?
– А вунь зірні, што паказваюць наготкі.
Перад акном на градцы расло шмат кветак.
– На небе ні хмурынкі, а яны ўжо чакаюць дажджу, – сказала цётка. – Бачыш, хоць і цёпла, а наготкі не раскрылі пялёсткаў. Тыя раніцай аж зіхацелі, а сёння спяць.
– Я ні разу не бачыў, калі яны распускаюцца.
– Трэба, Мішачка, прыглядацца да таго, што вакол цябе. Прырода – найцікавейшая кніга. Запомні: перад дажджом белая лілея таксама аберагае свае суквецці ад дажджавых кропляў, хоць і расце сама ў вадзе. А ці бачыў ты калі, як “плача” клён?
– Не.
– Прыгледзься, гэта цікава. У тым месцы, дзе чаранкі лісцяў прыраслі да дрэва, на дождж выступаюць слёзы. Чаму? Перад дажджом у паветры з’явілася шмат вільгаці, а клён свае не можа выпарыць праз лісце, от і капае лішняя вада. Ты, мусіць, не ведаеш, што акацыя перад дажджом выдзяляе шмат нектару? Гэта лёгка заўважыць. Калі над кветкамі многа мошак, чакай дажджу.
Міша чуў гэта ўпершыню і не знаў, верыць ці не, а цётка казала далей:
– І дым, бачыш, з комінаў не слупам ідзе ўгору, а рассейваецца, таксама прыкмета на дождж. А ластаўкі высока ці нізка лятаюць? – спытала цётка.
– Над самай зямлёю, – паказаў хлапчук.
– А ўчора дзе ляталі?
– Высока ў небе.
– Значыць, мошкі ціснуцца да зямлі перад дажджом, і ластаўкі зніжаюцца, каб злавіць іх.
Міша аж пляснуў рукамі:
– Ой, як цікава! Без барометра можна ведаць, якое надвор’е будзе. Адкуль вы, цётачка, даведаліся пра гэта?
– Што з кніжак, а болей са сваіх уласных назіранняў… Яшчэ заўваж, кветкі могуць не толькі прадказваць надвор’е, але і паказваць гадзіны сутак, бо не кожная з іх распускаецца ў адзін і той жа час. Толькі трэба ўмець прыгледзецца. Паназірай сам, упэўнішся.
Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ