Сямейнае чытанне
Жыццёвае правіла Алеся Пальчэўскага – дапамагай чым можаш і каму можаш. Калі быў хлопчыкам, ён пісаў лісты ад імя сялянак да мужчын, прызваных на Першую сусветную вайну. У сталым веку ратаваў бяздомных сабак. За ўласныя грошы будаваў аднавяскоўцам калодзежы. Быў выдатным шахматыстам і вучыў гульні ў шахматы дзяцей са свайго двара. Дзеці да яго гарнуліся, для іх ён напісаў свае лепшыя творы.
Алесь Пальчэўскі перажыў арышт, высылку і адрачэнне ад яго сваёй першай сям’і, але менавіта ў зняволенні ён знайшоў сапраўднае сямейнае шчасце: яго жонкай стала славутая грузінская актрыса Тамара Цулукідзэ.
Сваімі настаўнікамі лічыў Кузьму Чорнага і Змітрака Бядулю.
Яго лепшым сябрам быў Ян Скрыган, які захапляўся талентам Алеся Пальчэўскага.
Сваю светлую прозу, паэзію, драматургію не выдумляў, а паводле ўласнага прызнання, “слухаў людзей, запісваў – і рэальныя гісторыі ператвараліся ў творы”.
Прачытайце апавяданні Алеся Пальчэўскага “Рэкс і Казбек”, “Жывы барометр” і намалюйце ілюстрацыі да іх. Самыя ўдалыя будуць надрукаваны ў нашым часопісе.
Вася ВЯСЁЛКІН
Алесь Пальчэўскі (16 студзеня 1905 – 26 красавіка 1979) – беларускі пісьменнік, перакладчык, драматург. У 1961-71 гг. – адказны сакратар часопіса “Вясёлка”. Перакладаў на беларускую мову творы расійскіх, украінскіх і грузінскіх пісьменнікаў. Для дзяцей напісаў кнігі “Беражанкі”, “Ты не адзін”, “Аля і Галя”, “Дым над лесам”, “Данеўцы – нашы знаёмыя”, “Таемная крушня”, “Тайна аднаго звяна”, “Аднавокі сом”, “Сцежкі”.
Узнагароджаны медалём.