Дажджлівая восень
П’еса-казка
Дзейныя асобы: Дзед, баба, унучка, унучак, мядзведзь, ліса, заяц, воўк
СКАМАРОХ. Жылі-былі дзед ды баба. Былі ў іх унучка ды ўнучак. Ды яшчэ каза. Усё лета яны з унукамі ў грыбы хадзілі, казу пасвілі ды ў футбол гулялі. Весела ім было. Але потым унукаў бацькі ў горад забралі… А тут і восень настала. Ды такая дажджлівая! Дзень і ноч з неба ліе, дарогі ў лесе параскісалі, сцежкі звярыныя пад лапамі хлюпаюць – ні прайсці ні праехаць. Сумна зрабілася дзеду з бабай. Адзін занятак у іх застаўся – на мабільніках у гульні гуляць.
У хаце. Сумныя баба з дзедам моўчкі торкаюць кнопкі на сваіх тэлефонах.
ДЗЕД (адкладвае ўбок мабільнік). Як мне гэтыя гульні надакучылі!
БАБА (шпурляе на канапу айфон). Як мне гэтая цацка абрыдла!
ДЗЕД. Схадзі, баба, казу падаі, можа, павесялееш.
БАБА. Ага, з ёю павесялееш! Стаіць у хлеўчыку, мекае. Ды так жаласна, хоць ты сама заплач. Кажа, ме-е-е, па двары, баба, хачу паскакаць, дык – дождж!
ДЗЕД. Патэлефануй унукам, можа яны што вясёлае скажуць.
БАБА (тэлефануе). Унучкі даражэнькія, скажыце бабе штосьці вясёлае. (Доўга слухае, ківае галавой, уздыхае. Да дзеда). Яны, дзед, самі нудзяцца, што яны ў такі дождж вясёлага скажуць? Эх, няхай бы самі прыехалі… (Плача.)
ДЗЕД. Як жа яны прыедуць? Дарогі ж вадой пазалівала (мройліва). От, каб на верталёце… Ды дзе яны той верталёт возьмуць? Пазваню сябрам, мо яны цябе развесяляць?.. (Тэлефануе.)
СКАМАРОХ (у залу). А вы ведаеце, хто ў дзеда сябры? Ну, вядома, – лясныя звяры! Давайце паглядзім, што яны ў лесе робяць.
У лесе. У бярлозе сядзяць мядзведзь, воўк, ліса ды заяц. Моўчкі торкаюць пальцамі ў тэлефоны – кожны ў свой.
СКАМАРОХ (шэптам у залу). Вось дык дзіва! Я й не ведаў, што зараз мабільнікі і ў лясных звяроў маюцца…
МЯДЗВЕДЗЬ (запіхвае тэлефон у кішэню). Сумна, панове…
ЛІСА. Ды ўжо ж, не весела… (Адкладвае мабільнік. Воўк падвывае. Заяц уздыхае. У кішэні ў мядзведзя звініць тэлефон.)
МЯДЗВЕДЗЬ (у слухаўку). Міхаіл Патапавіч слухае. Гэта ты, дзед? (Слухае, ківае галавой.) А-я-яй! Охо-хо! Ах-ах-ах! (Да звяроў.) Званіў дзед. Кажа, баба ад суму памірае. Кажа, калі не прыйдзем, – баба ўшчэнт знудзіцца. Так што хутчэй пабеглі бабу весяліць!
ВОЎК. Па такім брудзе?
ЛІСА. У такі дождж?
МЯДЗВЕДЗЬ (строга). Дождж – не дождж, а дзеду патрэбна дапамога. (Выходзіць. За ім, хуценька апрануўшыся, – астатнія.)
У хаце.
ДЗЕД. Не журыся, баба, хутка сябры прыйдуць, весялей будзе ў хаце!
БАБА. Якая з іх весялосць? Мядзведзь мёду будзе прасіць, а заяц морквы…
Увальваюцца звяры.
ЗВЯРЫ (уразнабой). Добры дзень! Прывітанне ў хату! Рады бачыць!
БАБА. О, лёгкія на ўспамін. Ну, сядайце за стол, абедаць будзем. (Вымае з печы вялізны гаршчок, ставіць на стол.) Баба не скнарлівая, усім хопіць.
Дзед, баба і звяры дружна, ажно весела ядуць.
БАБА. Во! Здаецца, на душы крышачку лягчэй стала.
ДЗЕД. А калі б тутака ўнукі былі – зусім бы палягчэла!
Раптам аднекуль зверху чуецца нейкі грукат. Такі моцны – хоць вушы затыкай! Шыбы ў вокнах звіняць, сцены падрыгваюць. Спалоханыя звяры хаваюцца хто куды: адзін пад печ, другі на печ, трэцяя пад ложак. Мядзведзь пад стол палез! Грукат паволі заціхае, на парозе з’яўляюцца ўнучка і ўнучак. Звяры вылазяць з хованак. Баба з дзедам кідаюцца да ўнукаў.
БАБА. Мае даражэнькія! Адкуль вы?
ДЗЕД. Як з неба зваліліся.
УНУЧАК. А мы і ёсць – з неба!
УНУЧКА. Мы на верталёце прыляцелі…
БАБА. Ах, на верталёце… То сядайце, сядайце з намі абедаць.
УНУЧКА. Мы не галодныя, нас мама ў горадзе паўгадзіны таму карміла.
БАБА (недаўменна). Паўгадзіны? Карміла?.. Ну тады… (Дастае з паліцы гармонік, падае мядзведзю.) Мядзведзь, грай!
Мядзведзь грае кадрылю, дзед падыгрывае на лыжках, астатнія скачуць.
ДЗЕД (бабе). З сябрамі, баба, не прападзеш. Без сяброў, баба, ніякія табе айфоны-тэлефоны ад суму не ўратуюць!
БАБА (скачучы). Але ж і без тэлефона, дзед, пагана. Калі б не тэлефоны, як бы мы з сябрамі звязаліся ды такое свята зладзілі? (Разам з усімі скача яшчэ весялей.)
СКАМАРОХ. Тут і казцы канец! Але цікава, дзе ўнучка ды ўнучак верталёт узялі? Хто іх на верталёце прывёз? Пайду да іх, папытаюся. (Выходзіць.)
Заслона.
Мікола ЗАХАРАНКА