Прызнанне на пяску
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Вандроўнікі з “Опеля-попеля” нечакана апынуліся на пясчаным беразе ракі. Тут жа падляцеў да іх Чорны бусел і аб’явіў:
– Людзі, вы трапілі ў Прыпяцкі парк. Усё, што тут ёсць, – вада, лясы, балоты і ўсіх, хто тут лятае, бегае, поўзае, крыўдзіць нельга.
– А мы і не ўмеем нікога крыўдзіць, – першым азваўся Толік. – Лепей любіць…
Алесі спадабаўся Толікаў адказ, і яна падтрымала яго:
– Будзем любіць усіх і ўсё, толькі б нас ніхто не крыўдзіў…
– У нашым Нацыянальным парку працякае рака Прыпяць, – далей тлумачыў Чорны бусел. – У яе даліне – мора птушак, звяроў, раслін. Усе імкнуцца жыць у згодзе. Асцерагайцеся толькі гушчароў. Там водзяцца дзікуны-ваўкі, рысі, каршуны…
– Дзякуй, Чорны бусел, за перасцярогу, – сказаў Казачнік. – Мы толькі адпачнем каля ракі і паедзем далей.
Чорны бусел расправіў шырокія крылы, лёгка махнуў імі на развітанне. І ўзяў накірунак у густы, балоцісты алешнік.
– Мо паляцеў папярэдзіць драпежнікаў, каб нас не чапалі? – выказаў Толік сваю здагадку.
– Можа, і так, – пагадзіўся Казачнік, – але хутчэй за ўсё і сам жыве там…
– А чаму ён чорны, не такі, як усе вясковыя буслы? – пацікавілася Алеся.
– О, гэта сумная гісторыя. І нам, людзям, заўсёды крыху сорамна перад чорнымі бусламі…
– Чаму? – у адзін голас спыталі Толік і Алеся.
Казачнік сабраўся з думкамі і патлумачыў:
– Даўней чорныя буслы былі такімі ж белымі, як і ўсе звычайныя, вясковыя буслы. А гэтыя птушкі, як вам ужо вядома, здаўна селяцца каля людзей, сябруюць з імі. Ды аднойчы пасяліўся адзін бусел на даху хаты, у якой жыў злосны чалавек. Не ўзлюбіў ён бусліны клёкат, напалохаўся іх даверлівага позірку. І калі аднаго разу птушкі паляцелі на сенажаць лавіць жабак, гаспадар разбурыў гняздо буслоў і скінуў яго на зямлю. Вярнуліся буслы, адчулі бяду і пачарнелі ад гневу. З таго часу селяцца чорныя буслы падалей ад чалавека, у дзікім лесе…
Казачнік змоўк.
Маўчалі і Толік з Алесяй. У гэты час яны думалі, раздумвалі, як бы перажоўвалі, спажывалі пачуты аповед. І гэта падабалася Казачніку. Ён ведаў, калі чалавек думае, шукае адказаў на пытанні, дык ён жыве, развіваецца. А калі яшчэ пры гэтым і перажывае, хвалюецца, то гэта і ёсць яўная прыкмета, што расце добры чалавек. Такімі дабрынямі ўздымаліся ў жыццё яго юныя спадарожнікі.
Казачнік з прыемнасцю павёў сваіх вандроўнікаў берагам задумлівай Прыпяці. Па дарозе яны часта прыпыняліся.
То над імі пралятаў дзюбасты арлан-белахвост. І яны слухалі, як пасвіствалі ў павет-ры магутныя крылы драпежніка. Хацелася нашчоўкаць яго на фотакамеру.
То раптам з-пад іх ног, з густой, лапушыстай асакі залапатала крыламі шэрая качка. Яна ляцела і дзіка крычала: “Р-ратуй-це!.. Мае дзеці ў бядзе!..” І праўда, на купіне, у гняздзе з галінак сухой травы, моху, сядзелі паўголыя птушаняты. Яны па звычцы шырока паадкрывалі дзюбы, чакалі, што іх зараз будуць карміць. Але Толік і Алеся пра гэта не думалі. Хацелася ўзяць у рукі пухнацікаў, ды Казачнік праявіў строгасць:
– Качанят не чапаць!.. Ад іх могуць адвярнуцца бацькі, калі адчуюць, што іх дзяцей трывожылі…
Такі птушыны “маёнтак” у траве Толік і Алеся бачылі ўпершыню. Радасці не суняць!
А па вадзе ў гэты час спакойна і грацыёзна плавалі белыя лебедзі. З чырвонымі, пляскатымі дзюбамі, гнуткай высокай шыяй, яны трымаліся парамі. Яна магла дазволіць сабе нырнуць. У гэты час над вадой тырчаў толькі яе хвост-паплавок. А ён у гэты час вартаваў яе, азіраўся па баках, гатовы ў любы момант абараніць каханую.
– Лебедзі вельмі верныя ў шлюбе, – паведаміў Казачнік, калі ўбачыў, як зацікаўлена назіраюць за імі Толік і Алеся. – Аднойчы паляўнічы забіў лебядзіху. Гэту трагедыю страшна перажываў лебедзь. Сядзеў на вадзе, апусціўшы дзюбу ў пер’е. Ці то спаў, ці думу думаў. Людзі з берага меркавалі, што ён ужо нежывы. Ды раптам лебедзь страпянуўся. Узняў цела над вадой, расправіў крылы і рэзка ўзляцеў увысь. Кружыўся над тым месцам, дзе загінула яго каханая. І ўздымаўся ўсё вышэй, вышэй. Нечакана склаў крылы і стралой паляцеў уніз. Разбіўся. Не захацеў жыць адзін. Не мог жыць без сваёй лебядзіхі…
Толік і Алеся цяпер іншымі вачыма пазіралі на элегантных птушак, якія парамі плавалі па вадзе. Ім не хацелася пакідаць гэтую мясціну. Папрасіліся на прывал.
Якраз непадалёк раслі каранастыя, разгалістыя дубы. А за імі адкрываўся пясчаны бераг Прыпяці.
– Вось гэта пляж!.. Як на моры… – узрадавалася Алеся.
– А давайце пакупаемся, – прапанаваў Толік.
Казачнік пагадзіўся.
І ціхая рака, якая задумліва несла свае воды ўдалячынь, ажыла. У ёй цялёпкаліся сам Казачнік і яго верныя спадарожнікі.
Пасля Казачнік загараў, а Толік і Алеся забавіліся на пясчаным беразе. Прыгадалі нядаўняе сваё малалецтва. Будавалі пясчаныя крэпасці, пракладвалі паміж імі дарогі. Ездзілі адзін да аднаго ў госці. Раптам Толік аб’явіў:
– Я – каралевіч. Еду ў сваты да каралеўны.
Алеся ахвотна прыняла гульню і запатрабавала ад жаніха прызнання:
– Упушчу ў сваю крэпасць, калі адкажаш на мае пытанні.
– Я гатовы, каралеўна!
Алеся падхапіла з зямлі пяро вароны і напісала на пяску: Толя+Каця=?
Толік зразумеў, што Алеся задумала праверыць, як ён ставіцца да дзяўчынак у іхнім класе.
Ён узяў такое ж птушынае пяро і замест пытальніка напісаў “вайна”.
Алеся вывела новую задачу: Толя+Мілена=?
Толік “сцёр” пытальнік і напісаў “развод”.
На свае адносіны да іншых дзяўчынак Толік адказваў аднолькава, адным і тым жа словам: “нуль”. Гэта прызнанне азначала, што ён абыякавы да ўсіх дзяўчынак.
І вось наступіў момант, калі яго папрасіла каралеўна адказаць на галоўнае пытанне: Толік+Алеся=?
Каралевіч-жаніх намаляваў сардэчка. І зачырванеўся. Каралеўна таксама засаромелася. Хацела ўжо запрашаць госця ў свой пясчаны замак. Але ў гэты час пачуўся радасны голас Казачніка:
– Сябры, глядзіце, да ракі падыйшлі ласі з ласянятамі.
Так ласі перашкодзілі спатканню каралевіча з каралеўнай.
Усе пачалі дзівавацца, як звяры пілі рачную ваду.
Толік і Алеся хваляваліся, каб толькі ласі не разбурылі іх пясчаныя крэпасці.
Уладзімір ЛІПСКІ