Ягоркава лялька
Урывак з казкі
У маленькай каморцы пад лесвіцай Дома Быту жыў пяцігадовы Ягорка з маці, прачкай.
Аднойчы Ягорка ўбачыў у хлопчыка, які прыйшоў з бацькамі ў Дом Быту, завадны паравозік з прычапным вагонам і папрасіў маму купіць яму якую-небудзь цацку.
Але ў маці зусім не было грошай, і яна пашыла са старой панчохі ляльку, намаляваўшы ёй хімічным алоўкам вочы, рот, нос і вушы. Ягорка, які не меў раней цацак, быў у захапленні і ўвесь час гаварыў з лялькай, якая, зразумелая справа, маўчала.
Якраз у гэты дзень пралятала над горадам добрая чараўніца. Убачыла Ягорку, яго маці і ляльку, усміхнулася і загадала: “Няхай ажыве гэтая лялька, і няхай у сям’і гэтага хлопчыка заўсёды будзе дабрабыт і радасць!”
Ягорка звяр нуўся да лялькі:
– Калі так усё атрымалася, як у казцы, паспрабуем як-небудзь дапамагчы маёй маме, таму што яна зусім выбілася з сілы, а ў нас няма грошай нават на свечку: мы снедаем і вячэраем у поўнай цемры.
Тут лялька і кажа: “Ніхто не ведае, што я яшчэ ўчора была нікчэмнай цацкай, а цяпер бачу, чую і размаўляю. Ты пакажы мяне таму хлопчыку з цягніч-ком. Яго бацькі, кажаш, прыязджалі ў пральню на дарагой машыне. Я пастараюся спадабацца хлопчыку, ён папросіць бацьку купіць мяне, а я ўцяку ад іх.”
Дачакаўся Ягорка хлопчыка з цяг-нічком, падышоў да яго і прапанаваў:
– Давай мяняцца: ты мне цягнічок, а я табе ляльку-гаваруху.
– Як гэта “гаваруху”? А ну, пакажы!
Ягорка паказаў.
– Фі, якая нікчэмная лялька! І выгляд у яе дурнаваты!
– Сам ты нікчэмны! – абурылася лялька.
– Ой, глядзі, гаворыць! – раскрыў рот ад здзіўлення хлопчык. – Колькі, ты думаеш, можа каштаваць такая лялька? Я папрашу бацьку, каб купіў яе.
– Такіх у продажы няма, – патлумачыла лялька. – І твой бацька такую ляльку ніколі не купіць.
Бацька ж хлопчыка дастаў калькулятар і неўзабаве абвясціў:
– Гэтыя грошы я заплачу цяпер… Ты задаволены, сынок?
Хлопчык аж заззяў ад радасці.
Маці ж Ягоркі, даведаўшыся, што людзі прыйшлі купіць ляльку, зазлавала:
– Я ніколі не прадам любімую цацку майго сына, для якой зрабіла з насоўкі даволі ўдалы сарафанік. Вашы грошы для мяне – смецце ў параўнанні з радасцю Ягоркі. Лялька разумней за ўсялякія тэлевізары і тэлефоны, якімі залеплены вушы ўсіх жыхароў краіны!
Але Ягорка падышоў да мамы, узяў яе за руку і ціха супакоіў:
– Матуля, гэта просьба лялькі і мая просьба: на атрыманыя грошы мы накупім усялякай ежы, а яшчэ лекі для цябе. Ты зможаш узяць хаця б невялікі адпачынак.
Жанчына заплакала. Яна пагладзіла па галаве Ягорку і пацалавала ляльку:
– Памятай, што мы цябе любім і будзем любіць заўсёды!..
А праз тыдзень зноў з’явіўся хлопчык з паравозікам. Ён быў такі сумны, што Ягорка без усялякага сораму падышоў да яго.
– Ну, што, як сябе пачувае наша лялька?
– Няма больш у нас гэтай лялькі.
Тое, пра што дазнаўся Ягорка, яго проста ашаламіла. Нейкі багацей убачыў ляльку і прапанаваў за яе вялікія грошы. Бацька хлопчыка не выстаяў перад выгадай. Але ў таго ўладальніка ляльку перакупілі па яшчэ больш выгодным кошце. І цяпер яе пасадзілі ў залатую клетку і прыставілі ахоўніка: ляльку паказваюць за грошы ўсім жадаючым, асабліва замежнікам…
– А ты не можаш даведацца, дзе жыве мільянер, які пасадзіў ляльку ў клетку?
– Гэта недзе за горадам у велізарным катэджы. Яго ахоўваюць дзень і ноч. Там вартавыя сабакі, яны могуць разарваць няпрошаных гасцей на шматкі…
Зразумела, Ягорка адразу ж адкрыў маме таямніцу. Цяпер уся надзея была на жвавыя ногі лялькі. Але яна не можа ўцячы, бо пасаджана ў клетку.
З таго дня Ягорка з мамай сталі чакаць вяртання добрай лялькі: ці грукне вецер у дзверы каморкі, ці прыбяжыць чужая котка, – яны кідаюцца адчыняць дзверы…
Эдуард СКОБЕЛЕЎ
Пераклад
з рускай мовы
Дар’і ЛЁСАВАЙ