Два словы
Пятница, 7.10.2016 09:00. Рубрика: Вершы
На стрэхах – клёкат бусліны.
Сцежка – у гай пявучы.
Як помнік далёкай быліны,
Сасна на дняпроўскай кручы.
І калыханка сыну –
Маці пявучыя словы.
З пахам духмяным кміну
Хлеб на лістах кляновых.
І колькі ні буду жыць я,
Да слёз маё сэрца расчуліць
Плач перапёлкі ў жыце,
Як плач удавы-матулі.
Таполя шызага дыму
Над комінам раніцою,
Два словы –
Маці, Радзіма –
Заўсёды жывуць са мною.
Яўген КРУПЕНЬКА