Княгіня – дэкаратар і літаратар
Скарбы Нясвіжскага замка
Нашы героі былі вельмі задаволены цікавым днём і пазнавальнай інфармацыяй. А яшчэ больш дзетак уразіла прыгажосць паркаў, іх плошча.
– Сяргей Уладзіміравіч, вы столькі разоў узгадвалі імя Марыі Дароты Радзівіл, казалі, што менавіта яна паспрыяла адраджэнню замка ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя. Можаце расказаць пра жыццё гэтай цікавай князёўны? – спытаўся Янка.
– Згодзен, асоба сапраўды вельмі запамінальная, – сказаў Сяргей Уладзіміравіч. – Паходзіць Марыя Дарота Радзівіл са старажытнага французскага арыстакратычнага роду. Дзяцінства правяла ў радавым замку, затым жыла ў Парыжы, пасля шлюбу пера-ехала ў Берлін. Выйшла замуж за чатырнаццатага Нясвіжскага князя Антонія Вільгельма Радзівіла. Нарадзіла чацвёра дзяцей. Дачок – Эльжбету і Элен, сыноў – Ежы Фрэдэрыка і Станіслава Вільгельма. Марыя Дарота Радзівіл атрымала ў спадчыну ад бабулі сядзібу Кленіцы, дзе пасля смерці мужа і жыла.
– Гэта ты сцісла пераказаў нам біяграфію князёўны, а раскажы што-небудзь цікавае, больш жыццёвае, – папрасіла мама Янкі.
– Добра, тады слухайце. Марыя заспела замак практычна ў руінах. Вырашыла аднавіць яго былую веліч. Да прыезду новай гаспадыні нясвіжскі парк знаходзіўся ў занядбаным стане, і яна пачала яго акультурваць. Загадала аднавіць замак, разбіць паркі, адрамантаваць масты і прылеглую тэрыторыю. Дзякуючы ёй Нясвіжскі палац стаў адным з самых папулярных рэзідэнцый у Еўропе. Цяпер Нясвіжскі музей працуе, як вядома, на міжнародным узроўні. Але ж ў тыя часы… Вось што Марыя пісала ва ўспамінах: “…Цяжка ўявіць сабе больш высакароднае жыллё. Замак быў велізарных памераў і больш нагадваў крэпасць… Нарэшце, каля трох гадзін дня наш экіпаж праехаў па доўгай дамбе, якая аддзяляе ад замка маленькае мястэчка, і праз мост (калісьці ён быў падвясным), па галерэі мы заехалі ў велічны двор. Да чаго ж прыгожа было тут, нягледзячы на сляды разбурэнняў і варварскага стаўлення!.. Замак незаселены, дах прадзіравіўся ў многіх месцах, абарваны вадасцёкавыя трубы, усё зацякло вадой, многія столі абваліліся, іншыя ледзь трымаліся, двор перакапаны, паўсюль неверагодны бруд, але праз ўсё гэта я ўбачыла, што замак можна вярнуць да жыцця, калі ўзяцца за яго, не адкладаючы на доўгі тэрмін…” Перад жаданнем князёўны аднавіць былую веліч радавога гнязда Радзівілаў не выстаяў нават рускі цар. Манарх пастанавіў вярнуць магнатам каштоўнасці, вывезеныя з рэзідэнцыі ў Эрмітаж пад час вайны 1812 года. Дарота дэ Кастэлян аднавіла тут і бібліятэку. У адной з залаў размясцілася карцінная галерэя. З сядзібы Вяркі перавезены архіў Радзівілаў, выпісаны архіварыус для яго апрацоўкі. Па просьбе Марыі яе муж выкупіў кнігі, якія некалі належалі Радзівілам. Пазней князёўна дакупіла яшчэ пятнаццаць тысяч кніг на французскай і нямецкай мовах. Жыццё ў замку ажывілася, сталі збірацца госці. У Нясвіжы пачаліся “паляўнічыя сезоны” з удзелам самай высокай шляхты. Дарэчы, у парку захавалася першая таполя, вакол якой ў 1878 годзе па ініцыятыве Марыі Дароты Радзівіл разбілі парк. Сёння гэты парк вядомы як Стары.
– Слухай, – сказаў тата Янкі, – калі не памыляюся, у кнізе Чэзарэ Дэ Мікеліса “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў” прыводзяцца лісты Марыі Дароты 1889 года да італьянскага аташэ ў Германіі генералу Карла дэ Рабілана. Яны былі апублікаваны ў Італіі ў 1933 годзе. А на два гады раней выйшла яшчэ адна яе кніга “Успаміны Марыі Дароты “Сувеніры-дэ-ла-Princesse Радзівіл”.
– О! – узрадавана выкрыкнуў Янка. — А я знай-шоў пра яе інфармацыю ў інтэрнэце. Аказваецца, да 175-годдзя з дня нараджэння Марыі Дароты Радзівіл у Нясвіжы была прэзентавана выстава. У залах радавога маёнтка сабраны рэчы, звязаныя з бія-графіяй князёўны. Некаторыя прадметы прывезены з Польшчы асабістым прадстаўніком магнацкага роду. Сярод экспанатаў – малавядомыя фатаграфіі, перапіска.
– Так, сапраўды. Нашай задумай было расказаць біяграфію княгіні праз сем дзясяткаў прадметаў. Мы сабралі выставу ў суполцы з прыватнымі калекцыянерамі і вядучымі бібліятэкамі краіны. Частку прадметаў з асабістага фонду даставіў Мацей Радзівіл. Вокладку на дакументы, кій, супніцу… Многія фамільныя рэчы перайшлі яму ў спадчыну. Сучасны князь шукае родавыя рэліквіі і на аўкцыёнах, – з веданнем справы распавёў Сяргей Уладзіміравіч.
– А што табе самому найбольш запомнілася з гэтай выставы? – спытала мама Янкі.
– Ванроўніцкі сакратар. Я называю яго сучасным ноўтбукам, бо гэту папку можна раскласці і пісаць лісты падчас падарожжаў. Марыя дэ Кастэлян вельмі любіла вандраваць і пісала шмат лістоў. У яе быў дробны каліграфічны почырк, характэрны для людзей вельмі арганізаваных, адказных, якія не мяняюць сваіх прынцыпаў. У хуткім часе Марыя дэ Кастэлян стане галоўнай гераіняй кнігі французскага аўтара Крыштафа Левалуа. Гісторыю прадстаўніцы знакамітага роду Радзівілаў пісьменнік вырашыў вывучаць непасрэдна ў месцах яе жыцця. Аб галоўнай гераіні сваёй кнігі, зрэшты, як і пра Радзівілаў, Крыштаф даведаўся пару гадоў таму. Так і пачалося захапленне француза беларускай дынастыяй.
– Гэта ўсё вельмі цікава, але давайце рухацца ў бок замка, вельмі ж хочацца ўбачыць на свае вочы яго цяперашняе багатае музейнае ўбранства! – прапанаваў бацька Янкі.
Усе пакіравалі ў адноўлены Палацавы замак Радзівілаў.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ