Як Гусi Вербачцы дапамаглi
На беразе ракі расла маленькая Вербачка. Яна любіла схіляць свае галінкі ў раку і мыцца халоднай вадой. Часам Вербачка шалясцела доўгімі зялёнымі лісцікамі і напявала любiмую песеньку. І тады нават Рэчка пераставала журчаць, прыслухоўваючыся да яе ласкавага галасочка. А цёплае Сонейка гладзіла малую па гнуткіх галінках, прыгаворваючы:
– Расцi, Вербачка, зеляней год ад году і расцвітай. Ты ж у нас прыгажуня!
Вербачка вельмі саромелася ад такой пахвалы і яшчэ больш схілялася да рачной вадзіцы. Але ад гэтага яе доўгія тонкія лісцікі станавіліся толькі прыгажэй. Яны пераліваліся і свяціліся ад сонечнага святла.
Кожны год вясною з поўдня прыляталі дзікія Гусі. Яны заўсёды сяліліся на беразе ракі побач з Вербачкай. Птушкі плавалі па вадзе, гагаталі, махалі крыламі і кружыліся над дрэўцам. Яны палюбiлі маленькую Вербачку за сціпласць і дабрыню. Па вечарах Гусі ўсаджваліся пад дрэўцам і засыналі, закалыханыя яе ціхім і ласкавым галаском.
Але вось скончылася цёплае лета, і наступілі халады. Гусі паляцелі ў вырай. Усе лісцікі на Вербачцы пажоўклі і апалі. Халодны вецер прадзьмухваў наскрозь яе галінкі. А потым яшчэ і мароз затрашчаў. Рэчка пакрылася лёдам, галінкі Вербачкі абледзянелі. Як ні старалася Сонейка, не змагло яно дапамагчы маладзенькаму дрэўцу. Сцюдзёныя вятры не пашкадавалі прыгажуню і замарозілі яе. Заснула Вербачка доўгім зімовым сном. А калі прачнулася, то ўбачыла, што снег ужо сышоў і Рэчка адтала ад лёду. Вясновае Сонейка прагрэла зямлю, і ўсё вакол зазелянела.
Адагрэлася і Вербачка, але яе тонкія абмарожаныя ледзяным ветрам галінкі не змаглі выпусціць з пупышак зялёныя лісточкі. Схілілася Вербачка над вадою і заплакала горкімі слязьмі. Але плачам гору не дапаможаш. Не растуць на галінках лісцікі, і ўсё тут.
Неўзабаве вярнуліся з поўдня Гусі. Убачылі яны, як плача бедная Вербачка, і пашкадавалі яе. Вырашылі Гусі дапамагчы дрэўцу. Селі яны на яе галінкі і ператварыліся ў лісточкі. Расцвiла Вербачка, зазелянела і заспявала сваю песеньку. А калі апусціла лісцікі ў ваду, ператварыліся яны ў Гусей і паплылі па рацэ. Узняла Вербачка галінкі – і вось Гусі ўжо не Гусі, а яе зялёнае лісце.
Так і жыла Вербачка да позняй восені са сваімі збавiцелямі адной сям’ёй. А ўвосень адарвалiся лісцiкi ад галінак Вербачкі і сталi сапраўднымі дзікімі Гусямі. Адлятаючы ў вырай, сабраліся птушкі ў вялікую чараду. Падняліся яны высока-высока ў неба і на развітанне пракрычалі Рэчцы і Вербачцы:
– Чакайце нас да вясны!
Рэчка штосьці звонка пражурчала ў адказ, а Вербачка, якая добра падрасла за лета і падужэла, доўга глядзела сваім сябрам услед і жадала ім шчаслiвай дарогi.
Таццяна ДАМАРОНАК