Фінансы ад А да Я. Літары Р і С
Р. Рахунак – дакумент, у якім пазначана сума грошай, якая павінна быць выплачана за што-небудзь. Напрыклад, выдавецтва вырашыла выдаць кнігу “Грошык і таямнічы кошык”. Складаецца рахунак: кошт паперы, ганарар аўтару і мастаку, расходы на набор тэксту, друкаванне. Усё разам і будзе рахунак на выданне кнігі.
Р. Рубель – грашовая адзінка ў Беларусі, роўная ста капейкам.
Р. Рэгістр – спіс, пералік чаго-небудзь. Запіс, улік, рэгістрацыя грошай у банку.
С. Сямейны бюджэт – гэта ўлік усіх даходаў і расходаў сям’і, напрыклад, за месяц. Вырашыце няпростую задачу. Складзіце грошы, якія атрымаюць тата і мама ў форме месячнай заработнай платы. Калі яшчэ былі якія-небудзь грашовыя прыбыткі, скажам, падарункі на дзень народзінаў ці прэміі, выйгрышы па латарэі, то і іх прыплюсуйце. Атрымаецца даход. А цяпер падлічыце ўсе расходы, што куплялі, на што трацілі грошы. І вы зразумееце, што такое сямейны бюджэт.
С. Страхоўка – фінансавая паслуга, своеасаблівая абарона ад усялякай рызыкі – ад крадзяжоў, няшчасных выпадкаў, аварый і г.д. Страхаванне бывае абавязковым і добраахвотным. Усе вадзіцелі павінны мець страхоўку машыны. Абавязкова трэба купляць страхоўку, хто едзе за мяжу. А добраахвотную страхоўку кожны чалавек выбірае сам. Напрыклад, можна застрахаваць дом, кватэру, дачу і нават мабільны тэлефон. Калі што з імі здарыцца, то страхавая кампанія аплоціць расходы.
С. Скарбонка – пасудзінка для збору вольных грошай у запас. Скарбонкі бываюць з розных матэрыялаў і самых адмысловых формаў, напрыклад, у выглядзе слоніка, сабачкі, савы і г.д. Але самая надзейная “скарбонка” для грошай – гэта банк.
Дамашнія заданні:
1. Як вы патлумачыце такія выразы: “Доўгі рубель”; “Гнацца за доўгім рублём”?
2. Якія грошы іншых краін свету вы бачылі, мелі, чым яны запомніліся вам?
3. Як называецца навука, якая вывучае старажытныя манеты і медалі? А як называецца чалавек – аматар збіраць грошы розных краін і самых розных часоў?
Працяг. Пачатак у нумарах 1–8 за 2016 год.