Крышку пра кніжку
У выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет казка вядомага беларус-кага пісьменніка Алеся Карлюкевіча “Прыгоды Шубуршуна”. Прыгожымі малюнкамі выданне аздобіла мастачка Марыя Каратаева.
Займальныя гісторыі-прыгоды з жыцця цікаўнага Шубуршуна, яго гаспадыні, гарэзлівай, дапытлівай вучаніцы-пяцікласніцы Веранікі, сяброў Шубуршуна па-майстэрску апісаны аўтарам.
Вы дазнаецеся, чаму лепшыя сябры пасварыліся, як Шубуршун стаў веласіпедыстам, як самым незвычайным чынам “прызямліўся” на рацэ Свіслач, і, магчыма, менавіта тады і вырашыў стаць парашутыстам. Пасля столькіх спраў вочы яго самі заміргалі і яму прысніўся чароўны сон, у якім былі і сланы, і стары гіганцкі асётр, і прыгожы дэльфін. Ён адчуў, як могуць напужаць звычайныя рачныя хвалі. Была яшчэ захапляльная і пазнавальная сустрэча з мудрым і добрым, уважлівым і назіральным Дзедам Фенолагам, які столькі пражыў, што, як свае пяць пальцаў, ведаў, якім заўтра будзе надвор’е. Дзядуля і патлумачыў, як трэба сябе паводзіць на вадзе. Пра што мог марыць Шубуршун, вы даведаецеся, калі прачытаеце кнігу Алеся Карлюкевіча “Прыгоды Шубуршуна”. Яна напоўнена незвычайнымі падарожжамі па беларускіх рэках, сустрэчамі і цікавосткамі. Атрымаеце ўяўленне і веды пра розныя краіны. Адчуеце імкненне вандроўніка патрапіць на родную Балачанку.
Кніга захапляе. Цікава чытаць аповед пра мілага, адважнага героя і тыя прафесіі, якія ён “прымерваў” на сябе. Розныя выпрабаванні чакаюць Шубуршуна на яго шляху. Ці ўдалося галоўнаму герою кнігі іх з гонарам пераадолець і дабрацца да роднай рэчкі? Таму знайдзіце і прачытайце казку Алеся Карлюкевіча “Прыгоды Шубуршуна”. Пастарайцеся адшукаць творы аўтара з іншымі прыгодамі гэтага героя.
Дар’я ЛЁСАВА