Зёлкі
Заўтра я павінна ўстаць
Раненька, з зарою:
Пойдзем зёлкі мы збіраць –
Людзям на здароўе.
Святаяннік, дзівасіл,
Сухацвет і піжму –
Каб было на лекі ўсім –
Буду рваць я ўвішна.
Палячыцца каб маглі
Сталыя і дзеці
Сокам роднае зямлі,
Што сабраны ў цвеце.
Каб адчулі ўсе душой,
Колькі сілы-моцы
У лясной і лугавой
Беларускай зёлцы!
Ніл ГІЛЕВІЧ
Ніл ГІЛЕВІЧ (30.09.1931 – 29.03.2016) – Народны паэт Беларусі. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы, Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева. Узнагароджаны ордэнамі Сяброўства народаў, Кірыла і Мяфодзія І ступені, Югаслаўскай зоркі са стужкай, князя Яраслава Мудрага, медалём Ф.Скарыны. Напісаў для дзяцей зборнікі вершаў і паэм “Сцяжок на мачце”, “Сіні домік, сіні дом”, “Зялёны востраў”, “Дождж-грыбасей”, “Загадкі”, “Калі рана ўстанеш”, “Добры чалавек”, “Мой белы дзень”, “Шчаслівыя хвіліны”.