Лепельскі цмок
Арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваны
Даўным-даўно на востраве Лепельскага возера на старажытным гарадзішчы стаяў драўляны Лепельскі замак, які быў пабудаваны па загадзе нашага легендарнага вялікага князя і караля Жыгімонта Аўгуста. А яшчэ задоўга да гэтага гаспадарыў на тым возеры лепельскі цмок. Вядомы ён тут яшчэ з тых часоў, калі пралягаў праз гэтыя мясціны шлях з варагаў у грэкі. Часцяком ён наведваўся па рэках нават і ў суседнія азёры.
Лепельскі цмок не быў злым. Адзінае, каго не любіў – гэта мясцовых рыбакоў, якія вылоўлівалі рыбу. Цмок лічыў гэту рыбу сваёй і ні з кім сваімі запасамі ежы дзяліцца не жадаў. Таму нярэдка рыбакі бясследна знікалі падчас рыбалкі, а потым дзе-небудзь на беразе возера часам знаходзілі толькі перакушаныя напалову лодкі.
Калі ён без вялікіх намаганняў перакусваў драўляную лодку, можаце сабе ўявіць, які ён быў велізарны! У даўжыню метраў пятнаццаць. Целам падобны на вялізнага цюленя, толькі хвост даўгі і шыя высокая. А галава – нешта і ад аленя і ад змяі адначасова. Ды як у аленя – вушы тырчком, нават трохі смешныя. Затое, як разявіць пашчу – адразу стане не да смеху – поўная вострых зубоў памерам з чалавечы палец. Такімі не толькі лодку папалам перакусіць можна. А вось вочы на дзіва добрыя і памерам са сподак.
Удзень цмок амаль ніколі не паказваўся на паверхні. Аднак вельмі любіў пранесціся стралою каля паверхні вады падчас добрага праліўнога дажджу. Вось тады, у свеце маланак, яго і можна было часам пабачыць. А калі нехта з купальшчыкаў не разлічваў свае сілы і пачынаў тануць, цмок, калі праплываў недзе непадалёк, абавязкова выцягваў таго стомленага небараку на сваёй магутнай спіне на водмель.
Лепельскі цмок вядомы быў тым, што дапамагаў усім закаханым і ўлюбёным у справах сардэчных і сямейных. Дбаў ён аб тым, каб людзі жылі ў каханні і згодзе, быў заступнікам сямейнага шчасця. А каб выпрасіць шчасця ў шлюбе, трэба было са шлюбнага стала занесці што-небудзь цмоку на возера. Ды пры гэтым, безумоўна, прасілі ў яго блаславення на будучае сумеснае жыццё.
А цяпер вернемся да пачатку нашага апавядання. У тыя даўнія часы, калі на возеры яшчэ стаяў Лепельскі замак, праязджаў гэтымі мясцінамі не хто іншы, а сам падканцлер Леў Сапега. Спыніўшыся па дарозе, ён пачуў гісторыю пра мясцовага цмока і не мог не наведацца да яго. Зрэшты, яму ўжо хутка будзе трыццаць год, а за справамі дзяржаўнымі гэтак шлюбам і не абраўся. І хацеў ён у цмока жонкі добрай папрасіць. А можа і насамрэч дапаможа, калі навакольны люд гэтак яго хваліць? Растлумачыў яму сваю просьбу, гэтак, маўляў, і гэтак, за справамі дзяржаўнымі і жонкі добрай няма часу адшукаць. А калі цмок і насамрэч дапаможа, паабяцаў яму ў знак падзякі выканаць любую яго просьбу.
– Добра, – пагаджаецца цмок, – дапамагу я табе. Але вось жа што папрашу наўзамен. Перанясі ты горад, што тут стаіць куды-небудзь на ускрай возера. А то стаіць ён пасярэдзіне, рыбакі ўсю рыбу вылоўліваюць. І не спакою, ні цішыні ад мясцовых жыхароў мне няма.
– Але як жа я гэта зраблю? Каб перанесці цэлы горад, мне трэба самому валодаць гэтымі мясцінамі.
– Ну дык выкупі іх. А як зробіш, то і жонку тут жа знойдзеш. Слова даю!
– Задачку ты мне задаў, – задумаўся ён.
Але ж сам паабяцаў любую просьбу выканаць, трэба слова трымаць. Гэтак і зрабіў. Набыў ён тыя землі і загадаў горад з яго жыхарамі, а разам з тым і сам замак, і царкву, і касцёл перанесці на паўднёвы бераг возера. З таго часу горад там і стаць.
А што ж з жонкай? Вы не паверыце, але ў той жа год, як толькі выкупіў Сапега гэтыя землі, не паспеў ён яшчэ і горад перанесці, як абраўся шлюбам. А праз тры гады жонка яму і сына нарадзіла, годнага свайго знакамітага бацькі.
І гэта не адзіная знакамітасць, якая наведвалася да лепельскага цмока за дапамогай ці парадай. Напэўна ж, лепельскі цмок і насамрэч дапамагаў. А можа дапамагае і цяпер? Бо і сёння сярод мясцовых жыхароў захаваўся звычай прыносіць цмоку пачастункі са шлюбнага стала. А ў даніну павагі лепельскаму цмоку ўстанавілі скульптуру.
Ці існаваў насамрэч той цмок ці не? І ці плавае ён ў Лепельскім возеры і сёння? Цяжка адказаць. Але і дагэтуль часам на беразе возера знаходзяць выкінутыя абломкі перакушаных рыбацкіх лодак. А часам, апавядаюць мясцовыя жыхары, нейкая невядомая істота на сваёй спіне падвозіць стомленых купальшчыкаў на водмель. Скульптура ж у выглядзе Цмока стаіць на беразе Лепельскага возера, у гарадскім парку горада Лепеля.
Алег Грушэцкі