Дзе хто жыве?
Сáкля
Дайшлі і да нас праз вякі
Дамы́, што з камення складаюць.
І сакляю горны такі
Каўказцы свой дом называюць.
Вігвам
Вігвам – індзейскі дом,
Ён купалападобны.
Любой парой жытлом
З’яўляецца прыгодным.
Шацёр
І каралі, і ханы, і цары
На адпачынку ці ў паходзе
Любілі, каб для іх шатры
Былі заўсёды на прыродзе.
Гмах
Падарылі нам на свята
Новы дом будаўнікі.
– Малайцы! – гаворыць тата.
Я кажу:
– Чараўнікі!
Хата
Як вёска, светлая, вядома,
З бярвення зрублена яна.
Надзейным, цёплым, родным домам
Заўсёды шчыра служыць нам.
Хлеў
На двары гром загрымеў,
Парсючкі пабеглі ў хлеў.
Хай грукоча навальніца –
Тут ім слаўна весяліцца.
Вулей
Пчолы ў вулеі жывуць,
Змайстраваў яго пчаляр.
У свой дом яны нясуць
Пахкі кветкавы нектар.
Трава
А на лузе хто ў траве
Цёплым лецейкам жыве?
А жывуць там павучкі,
Мошкі, матылькі, жучкі…
Дом сарокі
Ад дарогі недалёка,
У балотным гушчары,
Збудавала дом сарока
На алешыне ўгары.
Дупло
Ці мароз цісне моцны,
Ці завея гудзе, –
Вельмі ўтульна вавёрцы
У дупле кожны дзень.
Бярлога
Мядзведзь не ходзіць па марозе,
Жыхар пушчанскі ці лясны,
Ён у зацішнае бярлозе
Адпачывае да вясны.
Норка
У цёплай норцы ён жыве,
Адважным змагаром слыве.
Бывае нават, шустры, колкі,
Змяю наколе на іголкі.
Панцыр
Паглядзі на чарапаху:
Па пяску паўзе без страху.
Пры любой яна пагрозе
Мае дах свой у дарозе.
Ракавінка
Залапоча дождж кругом –
Я схаваюся ў свой дом,
Бо заўсёды на спіне
Ён знаходзіцца ў мяне.
Гняздо
На старым дубе ля хаты
У гняздзе буслы жывуць,
Вельмі хутка бусляняты
Ціхі клёкат распачнуць.
Вершы Міхася ПАЗНЯКОВА