Легенды парку
Скарбы Нясвіжскага замка
– Мама, мы так завем нашага сабачку. Мы ж пакінулі Тобі ў Мінску! А чаму сын Сяргея Уладзіміравіча кліча яго? – спытала сястрычка Янкі.
Сяргей Уладзіміравіч усміхнуўся і пачаў тлумачыць:
– Ён заве не вашага сабачку. Ён так жартуе, бо мы набліжаемся да Цэнтральнай паляны Нясвіжскага замка, а там – унікальная скульптура. З ёй звязана цікавае паданне. Бачыце, гэта помнік сабаку, на грудзях якога вісіць медальён, упрыгожаны “Трубамі” – галоўным элементам фамільнага герба Радзівілаў. Аднойчы, падчас палявання, князь параніў мядзведзя. А той, сабраўшы апошнія сілы, накінуўся на князя. Раптам любімы сабака князя, у самы небяспечны момант сутычкі, адцягнуў на сябе ўвагу раз’юшанага звера, чым выратаваў жыццё гаспадару. Але пры гэтым загінуў сам.
– І князь загадаў паставіць яму помнік? – запытаў Янка.
– Так, менавіта ў гэтым самым месцы. Вось ён, подзвіг таго, хто ўмее любіць па-сапраўднаму.
Нашы сябры сфатаграфаваліся каля помніка і пайшлі далей. Прагулка аказалася надзвычай цікавай.
– А што гэта за домік такі незвычайны? – пацікавілася Кацюша.
– Ну, гэта не зусім домік, проста альтанка. Але яна выканана ў японскім стылі. Зараз мы з вамі ўвайшлі ў Японскі парк. У 1913 годзе садоўнік князёў Радзівілаў, які прыехаў з Вялікабрытаніі, узяўся за стварэнне новага парку. Прапанаваў арганізаваць яго ў японскім стылі. Цяперашні выгляд вельмі далёкі ад задумы пачатку дваццатага стагоддзя, – патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч.
Нашы вандроўнікі прагульваліся па паўночнай частцы парку, пабачылі зарослы чаротам і хмызняком вадаём з мініяцюрным астраўком, куды трапілі праз маленькі мосцік. Каля вадаёма палюбаваліся невялікай прыстанню, якую нібы ахоўваюць два каменныя львы. Але Сяргей Уладзіміравіч скіроўваў іх вандроўку ў бок Марысінага парку.
– Якая прыгажосць! Як я люблю менавіта гэты парк! – усхвалявана зазначыла мама Янкі.
– “Ма-ры-сін парк”, – прачытала Кацюша.
– Сапраўды, ён вельмі цікавы. З ім звязана вельмі прыгожая гісторыя, – нагадаў тата Янкі.
– Я б нават назваў яе легендай, – пажартаваў Сяргей Уладзіміравіч.
– Мы тут з мамай Янкі і Кацюшы пазнаёміліся. Пабачыліся першы раз менавіта тут. Ох, і рамантычная гэта гісторыя, – уздыхнуў тата Янкі.
– Так, шмат памятных гісторый ведае гэты парк. У сястры аднаго з Радзівілаў была дачка Марыя, дзяцінства якой прайшло ў маёнтку бацькоў паблізу Клецка. Пасля іх ранняй смерці Марыю ўзялі на выхаванне ў Нясвіжскі замак. Гаспадары вырашылі аддаць яе замуж за свайго сына. Тады багаты пасаг пляменніцы далучаўся б да багацця нясвіжскіх Радзівілаў. У той час на працу ў замак запрашалі садоўнікаў, некаторых нават накіроўвалі за мяжу, каб яны знаёміліся з паркавай культурай еўрапейскіх краін. Так атрымалася, што прыгажун Ян прабыў за мяжой чатыры гады. Шмат чытаў, вывучыўся іграць на скрыпцы і вярнуўся ў палац майстрам паркавай архітэктуры. Дачка магутных магнатаў Марыя і сын простага селяніна Ян выпадкова сустрэліся. Маладыя людзі закахаліся і задумалі ўзяць шлюб без дазволу сваякоў. Іх таямніца стала вядомай гаспадарам замка, калі ў Марыі павінна было нарадзіцца дзіця. І яна вырашыла не хаваць далей свае пачуцці. Вядома, гэта навіна нікому не спадабалася. Нясвіжскія гаспадары абвясцілі Марыю хворай і змясцілі ў адну з вежаў замка. Там яна нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Марысяй. Але маці, якая яшчэ ляжала ў ложку, разлучылі з маленькай дачкой. Некалькі дзён няшчасная нічога не ведала пра лёс Яна і Марысі. Аднойчы ноччу ў вежу прабралася пакаёўка і паведаміла, што Яна і маленькую Марысю забілі. Бедная маці так крычала ад болю і роспачы, што хутка страціла сілы і прытомнасць. Пры двары паведамілі, што яна памерла ў выніку захворвання, і як мага хутчэй пахавалі. Так абарвалася жыццё закаханых. Але памяць аб іх жыве сярод людзей.
– Вельмі трагічная гісторыя. І што, тым гаспадарам стала сорамна, і яны вырашылі даць такую назву парку? – запытаў Янка.
– Ну, не зусім так. Да гэтай легенды звярнулася Марыя дэ Кастэлян пры закладцы гэтага парку і яго рэканструкцыі. Асноўную працу па стварэнні Марысінага парку правёў галоўны садоўнік Андрэй Пастарэмчык. У Марысіным парку вялікая ўвага нададзена маляўнічаму ландшафту. Тут размяшчаецца цэлая сістэма жывапісных каналаў, штучны ручай і сажалка з востравам. У сэрцы парку размешчаны кляновыя і ліпавыя алеі, якія сыходзяцца каля абеліска. Паблізу берага сажалкі праходзіць канал, які на некалькі сотняў метраў пракладзены пад зямлёй і злучаецца з Круглай сажалкай. Падземны канал некалькі разоў выходзіць на паверхню і называецца “Падземнай ракой Стыкс”. Стыксам у старажытнагрэчаскай міфалогіі называлася падземная рака, якая аддзяляла Аід, царства мёртвых, ад свету жывых. Стыкс і Круглая сажалка размяшчаюцца ніжэй за Дзікай сажалкай, таму паміж імі існуе некалькі невялікіх дэкаратыўных вадаспадаў. Як помнік рамантычным легендам з’явіўся астравок, які атрымаў назву Востраў Кахання. Пазней на Востраве Кахання ўстанавілі скульптуру, якая паказвае двух закаханых – своеасаблівая ілюстрацыя легенды пра князёўну Марыю і Яна. Атачае скульптуру антычная каланада, якая падкрэслівае арыстакратычнае мінулае паркаў. У сярэдзіне Марысінага парку захаваўся чатырохгранны абеліск з флюгерам, на якім напісана: “Marysin 1898” – у памяць аб закладцы парку.Тут калісьці быў невялікі вадаспад пад назвай «Слёзы Марыі», ручай, які меў такую ж назву, і вялікі камень з дзіркай пасярэдзіне. Ён лічыўся «Пярсцёнкам Марыі». Непадалёку ад абеліска паміж дрэў бачна белая фігура – гэта скульптура, якая нагадвае легендарную князёўну Марыю. Турысты не часта турбуюць яе спакой: Марысін парк – самы ціхі і рамантычны з усіх нясвіжскіх паркаў, – закончыў аповед-экскурсію Сяргей Уладзіміравіч і сумна паглядзеў удалечыню.
Анастасія Радзікевіч