Антон-барон
Гульня ў загадкі
– Дзед, давай прыдумляць загадкі.
– Давай паспрабуем.
– Жывая вяроўка – гэта што?
– Вяроўка – звітыя, скручаныя ў шнур пасмы лёну ці канапель. А ў цябе яна жывая?
– Дзед, не ламі галавы, гэта – змяя.
– Добра, Антон, але жывой вяроўкай можа быць і вуж, і ўдаў, і дажджавы чарвяк.
– Правільна, загадку так і назавём: што за вяроўка – поўзае лоўка?
– Згодзен!
– Цяпер, дзед, адгадай такую загадку: чые вочы бачаць уночы?
– Бачаць, калі цёмна?.. Такія вочы ў ката, савы ды савінага цара – пугача.
– Іх вочы быццам ліхтары?
– Ага, совы бачаць ноччу, як пры сонцы. Палююць у цемры на мышэй, птушак, вавёрак. Пра іх так кажуць: удзень спіць, а ўночы лятае, крычыць.
– А ў мяне, дзед, свая адгадка. Фары ў машыне – во якія вочы бачаць уночы.
– Добрыя вочы!
– Дзед, а які музычны інструмент пачынаецца на літару “б”, а заканчваецца на “н”?
– Бубен.
– А вось і не адгадаў. Гэта – баян.
– Але ж і “бубен” на “б” пачынаецца, на “н” заканчваецца.
– Дзед, ты – малайчына.
– А ты, Антон, выдумшчык. Мо яшчэ нешта прыдумаеш?
– Слухай, дзед, а сталёвая вяроўка – што гэта?
– Дрот. Па ім перадаюцца радыёхвалі, тэлефонныя размовы, электрычнасць. З яго можна зрабіць драцяную загародку.
– А яшчэ?
– Сталёвая вяроўка можа злавіць воўка.
– Як гэта, дзед?
– Паляўнічыя з дроту робяць капканы, звералоўныя пасткі. Ставяць іх у лесе. Гоніцца воўк за здабычай. Зайчык скок-скок – пераскочыць пастку. А воўк – лапай у капкан. Ён – лясь і трымае разбойніка. Той вые на ўвесь лес, а паляўнічыя – тут як тут.
– Дзед, а ў мяне новая загадка.
– Цікава, якая?
– Куды тата Антона адзяе, як барона?
– Можа, у цырк?
– Не адгадаў.
– У тэатр.
– Зноў не адгадаў.
– Скажы, а для чаго табе адзенне барона? Мо новую гульню прыдумаў?
– Эх, дзед, гэта ж я на карнавале ў садку быў баронам.
– Жадаю, унучак, каб ты і ў жыцці меў высокі тытул. Няхай спраўдзяцца ўсе твае мары!
Уладзімір ЛІПСКІ
Уладзімір Сцяпанавіч! Дзякуй за вашы неверагодныя творы!!!