“Агу!.. Рок!..”
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Казачнік прапанаваў:
– А што, калі б нам не ездзіць і лятаць, а крыху пахадзіць па нашай зямлі?
– Мы згодны, – адказалі Толік і Алеся.
– Тады скажыце, з чаго пачынаецца пешая вандроўка? – задаў пытанне Казачнік.
Адказы пасыпаліся, як гарох са струка:
– Трэба сабраць рукзак… Узяць мабільнікі… Паесці… Выбраць маршрут… Паслухаць звесткі пра надвор’е…
– Усё правільна, – пагадзіўся Казачнік, але запомніце, мае сябры: дарога ў тысячу кіламетраў пачынаецца з першага кроку. Важна зрабіць яго рашуча, з настроем.
Казачнік ступіў на росную, травяную сцяжынку і, нечакана для Толіка і Алесі, пачаў здымаць чаравікі.
– Прашу рабіць, як я, – сказаў павадыр.
Толік і Алеся разуліся і тут жа заякаталі:
– Ай, прахалодна… Ой, мокра…
Але ўжо праз колькі крокаў усе пачалі хваліць летнюю расу. Якая ж яна сонечная, гаючая. Так вандроўнікі адолелі маладую сенажаць, на якой пасвіліся коні з жарабятамі і козы з казлянятамі. Прамінулі беласнежны зялёны гай. Пастаялі пад тоўстымі дубамі, у верхавінах якіх вухкалі дзікія галубы. А пасля выйшлі на шырокі зялёны палетак. Праз лопасцевае лісце на паўзучых сцяблінках былі бачны жоўтыя лапушыстыя кветкі. А сярод іх ляжалі, як на прывале, салдацікі ў зялёнай форме.
– А гэта што за войска ў засадзе? – усклікнуў Толік.
– Ды іх жа тут цэлая армія! – войкнула Алеся.
Казачнік толькі і чакаў пытанняў. Яны прыселі на лавачцы, якую нехта змайстраваў каля град, і Казачнік распавёў цікавую легенду:
– Жыў некалі ў гэтых мясцінах селянін Змітрок. Жывіўся тым, што само расло ў полі, у лесе. Пойдзе, назбірае грыбоў, ягад – вось табе і наедак. Нарве шчаўя, заечай капусты – вось табе і пахлёбка.
Аднойчы Змітрок заблудзіўся. Жонка давай шукаць яго, галёкаць на ўвесь лес: “Агу!.. Зміт-рок!..” Звонкае рэха разносіла пагалоску: “Агу-у-у!.. Ро-ок!..” Ды раптам выходзіць насустрач жанчыне нехта ўвесь у зялёным. На яго мундзіры ў некалькі радоў гузачкі-гузікі, як бы заклёпачкі, якімі трымаўся на ім зялёны камбінезон.
– Звалі? – перапытаў незнаёмец.
Жонка селяніна ад перапуду не магла слоў звязаць у сказ. Трымцела ўся, вочы вялікімі зрабіліся, толькі і вымавіла:
– Ты… Вы… Хто будзеце?..
– Агурок, – галантна прадставіўся незнаёмец. – Навошта мяне клікалі?
– Я крычала: “Агу!.. Зміт-рок”. Мой муж згубіўся…
– А я пачуў сваё імя – Агурок. Вось я і перад вамі…
– Х-хто вы? – спалохана паўтарала жанчына.
– Я – палявік-чарадзей. Мае слугі жывуць на градах, у полі, на ўзлесках… Чым магу служыць?..
– Падкажы, чарадзей Агурок, у якім баку мой Змітрок.
Зялёны прывід меў на галаве зялёны капялюш. З прадаўгаватай галавы вызіралі зялёныя вочкі, тырчаў зялёны нос, шавяліліся зялёныя вусны. Кароткімі зялёнымі ручкамі ён намацаў патрэбную “заклёпку”, паўзіраўся ў люстэрка, якое дастаў з кішэні зялёнага фрэнча, і аб’явіў:
– Ваш Зміт-рок кідае суніцы ў раток. Я паслаў да яго свайго слугу, каб вёў яго сюды…
Так Агурок пазнаёміўся са Змітраком і яго жонкай. Яны спадабаліся чарадзею, бо вельмі ж добрымі ўдаліся. Жылі бедна, а ўмелі радавацца ўсяму. І ўсюды былі разам – у горы, бядзе і радасці.
– Я хачу служыць вам, – прызнаўся Агурок. – Вось вам мех беленькага насення. Вясной высадзіце яго ва ўрадлівую зямельку. Палівайце ўдосталь. І вырасце агурочнік, зацвіце. А з кожнай кветкі завяжуцца плады.
– Што з імі рабіць? – спытаў Змітрок.
– Ох, браток, іх можна сырымі кідаць у раток, – упершыню за ўсю размову ўсміхнуўся Агурок. – Іх можна есці з алеем, смятанай, мёдам. Можна засольваць, марынаваць, салаты рыхтаваць. На ўсе поры года смаката!..
Падзякавалі муж і жонка шчодраму Агурку. Ды давай з яго насення вырошчваць агуркі. А як разбагацелі, заказалі таленавітаму скульптару зрабіць помнік Агурку…
Казачнік змоўк, даючы знак, што казцы канец. Толік і Алеся таксама маўчалі. Па ўсім бачна, што ім не хацелася развітвацца з незвычайным казачным героем.
– А дзе той помнік Агурку ўстанавілі? – першым азваўся Толік.
– От бы зірнуць на яго, – прапанавала Алеся.
– Я даведаўся, сябры, у якім горадзе можна ўбачыць той помнік, – адкрыў таямніцу Казачнік. – Але для таго, каб туды трапіць, разгадайце рэбус. У слове “школа” вазьміце і пастаўце радком першую, другую, чацвёртую, трэцюю літары. Дадайце да іх апошнюю літару ў слове, якое азначае колькасць рыбы, якая трапіла на вуду рыбака.
Толік і Алеся задумаліся.
Казачнік пачаў рыхтаваць “Опель-попель” у новую дарогу.
Весела ехалі ў горад, на плошчы якога стаіць бронзавы Агурок. У адной руцэ трымае кветачку, у другой – кошык з гуркамі. Вандроўнікі перад сустрэчай з помнікам ласаваліся, хрумсцелі свежымі гуркамі з сялянскай градкі.
Уладзімір ЛІПСКІ