Вершы на памяць
Леанід ДРАНЬКО–МАЙСЮК
Мышка і кошка
Бегла мышка па дарожцы,
Падарунак несла кошцы –
Не смятану, не аладкі,
А пшанічныя зярняткі.
Кошка ж есці іх не ўмела,
Мышку з’есці захацела,
А пасля паразважала –
З мышкай той пасябравала.
Ніна МАЦЯШ
Далей ад бяды
Буслік, Буслік, ты куды?
Уцякаю ад бяды.
Жабіна малота
Гоніць прэч з балота:
Жабак, можа, з дзвесце –
Хочуць мяне з’есці!
Я ўжо сам не рады,
Што стаптаў ім грады.
Сяргей ПАНІЗНІК
Будзе лад
Калі вазьму сяброў за рукі, –
Няма надзейнейшай зарукі,
Што будзе ў нашай дружбе лад
Для вершаў, песняў і балад!
Валянцін ЛУКША
Званы
– Мы вядомы
З даўніны, –
Раззваніліся
Званы. –
Дружна разам
Як пачнём:
Бом!
Бом!
Бом!
Бом!