Жаба на купіне
Па дарозе ў дзіцячы садок дзед Лявон трымае Кацярынку за ручку. І ўжо каторы раз Кацярынка нагадвае дзеду ды просіць:
– Раскажы пра жабу. Чуеш, дзед?
– Чую, чую, – адказвае дзед, а сам не можа ўцяміць: – Але пра якую?
– Пра тую, што сядзела на купіне! Ты яшчэ мне сказаў, нібы я сяджу, як жаба на купіне.
– Ах, вось ты пра што, – засмяяўся дзед. – Ну і памяць у цябе! То добра, слухай.
Вялікая Жаба сядзела на купіне ў балоце і грэлася на сонейку. Вакол –прыгажосць балотная. Чарацінкі ледзь хісталіся пад лёгкім подыхам ветрыку. Прыемна Жабе назіраць за ўсім светам. І тут яна падумала:
– А што, калі ўсё гэта нехта забярэ? І неба, і сонейка? А галоўнае –купіну, на якой я сяджу.
Занепакоілася Жаба. Лапкамі заторгала. Пачала лыпаць вачыма, выглядаць, ці не ідзе хто, каб забраць яе купіну. А на купіне расла чарацінка, якая злёгку хісталася нават ад слабенькага подыху ветрыку. І раптам бачыць Жаба, што ляціць Камар. На чарацінку сесці хоча. Надзьмулася яна, ды як квэкне… Ажно самой страшна стала. А Камар ужо сеў на чарацінку, і яна сагнулася ледзь не да самай купіны.
Жаба яму:
– Квэк, квэк, брэкекек! – Гэта значыла: “Прэч адсюль, пакуль я цябе не праглынула! Мая купіна!”
Камар збянтэжыўся. З лапкі на лапку пераступіў ды ў жабы пытае:
– Чаму твая? Яна наша, балотная.
– Калі кажу – мая, значыць, мая! І балота маё! – ды так гучна квэкнула, што камара нібы ветрам здзьмула.
Узрадавалася Жаба, засмяялася. Гэта значыць, забрэкекекала, заквэкала. Лапкамі торгае, купіну імі абхапіла, нібы дзіця цацку новую. І ўсё рагоча, квэкае, спыніцца не можа, гэтак хораша ёй.
Аж бачыць: Страказа ляціць. Ну проста на яе купіну кірунак трымае.
– Куды, куды, куды ляціш? – залямантавала Жаба ды гэтак надзьмулася, што, здаецца, вось-вось лопне.
Страказа так уразілася, што на адным месцы завісла. Крыламі махае, ну чыста верталёт маленькі. А Жаба ёй:
– Чаго стракочаш? Чаго крыламі лапочаш? Завісла! Сонейка мне затуляеш, вецер ганяеш. Ляці, куды ляцела.
Страказа збянтэжана кажа:
– Сюды я ляцела, на чарацінцы адпачыць хацела. Хіба нельга?
– Хацела, хацела, ляці, пакуль цэлая! – заквэкала Жаба ды як падскочыць. Ледзь Страказа адхінуцца паспела. А Жаба – боўць у балота і знікла.
Нядоўга купіна пустая была. Імгненне – і на ёй ужо другая Жаба сядзіць. Вачыма лыпае. Наўкол пазірае. Пра нешта думае, квэкнуць збіраецца.
– А тая Жаба? – пытае Кацярынка. – Куды яна падзелася?
– А тая Жаба купінай ужо здаволілася, як ты старой цацкай. Відаць, другую купіну шукаць сабе будзе.
– А я, між іншым, дзялюся сваімі цацкамі з дзецьмі. Мне не шкада.
Усміхнуўся дзед Лявон і кажа:
– Ты ж у мяне разумніца.
– А Страказа? – пытае Кацярынка.
– Пра Страказу я табе іншым разам раскажу. Бачыш, прыйшлі ўжо. Вунь дзеці цябе чакаюць.
Дзед нахіліўся да Кацярынкі, прысеў на кукішкі. Тая абняла яго за шыю. Цмокнула ў шчаку і папрасіла:
– Глядзі ж, не забудзься расказаць!
Леанід УЛАШЧАНКА