Сямейнае чытанне. Генадзь Бураўкін
Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я…
Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я
Яшчэ з ваеннай бежанскай пары.
Цярплівыя,
Маўклівыя,
Відушчыя,
Яны мае надзейныя сябры.
Ашчадныя,
Запаслівыя,
Шчодрыя,
Яны і мне прадоўжылі гады,
Калі дарылі кошыкамі, вёдрамі
Баравікі,
Чарніцы,
Жалуды.
Я помню іх гарэлымі і роснымі,
У пекле дыму,
холадзе дажджоў.
Я плакаў іх рабінамі і соснамі
Ля мінамі разбітых бліндажоў.
На ўзлесках і пад кронамі высокімі
Яны вучылі мудрасці без слоў –
Як сябраваць
з зязюлямі і сойкамі,
Як разумець
вавёрак і ласёў…
Стаю сярод паляны незадымленай,
Любуюся раскошаю зямной –
Як быццам зноў
чытаю вершы Пімена
I рэха паўтарае іх за мной.
А можа,
ён здалёк мне абзываецца,
Вясёлы,
заклапочаны лясун…
Я з пушчы і яму
капусту зайцаву
I сплюшчаную гільзу прынясу…
Я не ганю землі чужыя…
Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карцела – сляза закіпала, –
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк…
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць…
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
Касец у скверы
У скверы пахне сенам маладым.
Звініць каса над шорсткаю мянташкай…
І мне ўявіць сабе зусім не цяжка
Расяны луг,
туману лёгкі дым
І за спіною –
чорнай баразной –
Мой свежы след,
а ў небе над пракосам
Хмурынку з жаўруком срэбнагалосым
I першы промень – паласой скразной…
Тралейбусы,
як поўныя вазы,
Парыпваюць, праносячыся побач.
I рупіць па-старому
“Бог на помач!”
Гукнуць касцу,
што выйшаў з-за лазы.
Няма калі чупрыну расчасаць,
I не чуцён яму фантана лопат –
Яго заняў сялянскі летні клопат:
Касі, каса, пакуль раса.
Ён косіць…
Хто яго сюды прыслаў
Як прывітанне з маладосці нашай?
Пасля ўсё гэта я ўспрыму іначай,
Ды толькі будзе гэта ўсё пасля.
А сёння я не здаў яшчэ правы
На той вясковай памяці набытак,
Дзе захаваны звон касы адбітай
I пах нядаўна скошанай травы…
Наша песня
Не была ты ніколі пры знаці,
Не стаяла ў чарзе да стала,
Не прасілася слёзна: “Прызнайце” –
Проста з людам тутэйшым жыла.
Лёс ягоны цярпліва дзяліла,
Не падсмейвалася з-за вугла,
Галасіла на ранніх магілах,
Гулкі рэй на вяселлях вяла.
Не прымала маны і прынукі,
Не сцірала загару са шчок
І хавала сялянскія рукі
Пад сатканы самой хвартушок.
Засталася спагаднай і годнай,
Разбудзіла маўклівы абшар,
Некрыклівая споведзь народа,
Васільковага краю душа.
Калыханка
Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень,
Сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Збеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
І буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Пакрысе
На расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Гулі ўсе,
Казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Спяць і мышкі, і стрыжы.
Спяць машыны ў гаражы.
Ты таксама
Каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
Баю-бай, баю-бай,
Разам з намі засынай.