“Буся” ў Дзяржынску
Ох, і налятаўся я над роднай старонкай! Каб вы ведалі, мае даражэнькія, які прыгожы, самабытны наш край! І які ён багаты на таленты. На казачнікаў багаты. Усюды бабулі і дзядулі, мамы, таты баяць дзецям свае казкі. І наслухаўся ж я іх!
А якая чароўная прыгода толькі што са мной здарылася! Лячу гэта я над Міншчынай, прыгажосцю яе любуюся. Лячу над рэкамі, над азёрамі, над любімымі балацявінкамі. І тут бачу: ідуць па дарозе мае любімыя казачнікі Раіса Баравікова і Уладзімір Ліпскі. І што я чую? Яны пра мяне ўжо новую казку складаюць! Які я харошы, Буся над Беларуссю! Ніхто яшчэ мяне так не разумеў. Ну, я ад радасці і падхапіў іх з дарогі, на адно крыло ўскінуў Раісу Андрэеўну, на другое – шаноўнага Уладзіміра Сцяпанавіча. О-о, які чароўны будынак раптам вырас на зямлі пад намі! Ззяе, як казачны палац, рознакаляровымі фарбамі вясёлкі. І дзеткі карагоды водзяць. Такія святочныя, у ззянні красы духмянага лета. І песні спяваюць, і на дудачках, цымбалах граюць. А танцуюць як! Якое ж гэта свята там?
Прыляцелі мы ў яслі-сад № 1 г. Дзяржынска. Новы, па-сучаснаму абсталяваны трохпавярховы будынак для дзяцей – значная падзея ў жыцці дзяржынцаў. Тут створаны ўсе ўмовы для навучання і дзяцей-інвалідаў – пабудаваны пандусы, зроблена спецыяльнае абсталяванне. Таму на адкрыццё сюды так чароўна завіталі вядомыя беларускія пісьменнікі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі і Раіса Баравікова. Разам з кіраўніком аддзела адукацыі, спорту і турызму раёна Вацлавам Матусевічам і загадчыкам ясляў-сада № 1 Юліяй Пражанік іх шчыра віталі супрацоўнікі, выхаванцы ўстановы і іх бацькі. Адбылася цудоўная музычна-паэтычная праграма. Дзетсадаўцы паказалі выстаўку-конкурс малюнкаў. Пісьменнікі вызначылі 5 пераможцаў конкурсу.
Уладзімір Ліпскі і Раіса Баравікова бралі ўдзел у свяце-прэзентацыі сумеснай кнігі “Пра Бусю, які жыве на Беларусі”. Яна нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Харвест”. Выхаванцы садка гулялі разам з Раісай Баравіковай – прыдумлялі завяршальныя радкі ў прапанаваныя вершы. А Уладзімір Ліпскі прачытаў дзетсадаўцам сваю казку пра А і Б, якія ігралі на трубе. Кожны мог пагутарыць з пісьменнікамі, задаць пытанне. Сто дваццаць выхаванцаў атрымалі аўтографы ад аўтараў. Аповесць-казка “Пра Бусю, які жыве на Беларусі” так захапіла ўсіх, што аўдыторыя нават не хацела адпускаць пісьменнікаў у Мінск. Зацікавіў гасцей свята і наш літаратурны праект для дзяцей. Галоўны рэдактар змястоўна расказаў пра часопіс “Буся”, які выходзіць з 2013 года. Чытанка-маляванка для дашкольнікаў спадабалася ўсім: і дзецям, і дарослым!
Уладзімір Сцяпанавіч выказаў прапанову: хай новыя яслі-сад носяць імя Бусі ў гонар аднайменнага часопіса. Яго ўсе падтрымалі – з 1 верасня ў Дзяржынску будзе дзіцячая ўстанова “Буся”.
Напрыканцы сустрэчы рэдакцыі падарылі цацку-самаробку бусліка, якая заняла пачэснае месца ў слынным музеі “Вясёлкі”. Пісьменнікі пакінулі натхнёныя пажаданні ў кнізе ганаровых гасцей.
Тэкст Дар’і ЛЁСАВАЙ, фота партала dzerzhinsk.by