Вавельскі цмок
арфаграфiя i пунктуацыя аўтара захаваны
Легенда
Даўным-даўно ў старажытным і прыгожым горадзе Кракаве правіў князь Крак. Ён быў мудрым каралём і добрым правіцелем, ды дачку меў – вачэй не адвесці. Прыгожым і багатым было яго княства, а яго падданыя жылі заможна і радаваліся, што ў іх такі цудоўны кароль.
Горад узвышаўся на Вавельскім ўзгорку на беразе ракі Віслы, у якой плавалі вушакі рыб. За сценамі замка распасціраліся зялёныя сенажаці, на якіх мірна пасвілася скаціна. Урадлівая зямля давала багата хлеба, а густыя лясы за палямі і сенажацямі забяспечвалі горад драўнінай. Праца кожнага прыносіла добрыя плады. Пасля працы і асабліва ў святочныя дні людзі цешыліся ды весяліліся, бо мудры кароль імкнуўся правіць так, каб усе жылі ў дастатку і шчасліва.
Але ж прыйшла бяда адкуль не чакалі. Прыляцеў да горада вялізны і страшны цмок і пасяліўся ля падножжа Вавельскага ўзгорка, у велізарнай яме-пячоры. У яго была грубая зялёная скура, доўгі моцны хвост і поўная пашча вострых, як нажы, зубоў. А яшчэ з яго велізарнай пашчы вырываўся агонь і атрутны дым. Гэта быў цмок-жываглот, які за раз мог праглынуць адразу некалькіх бараноў. І, каб цмок не чыніў лішняй шкоды, жыхарам давялося залагоджваць яго данінай. Штотыдзень прыносілі яму ахвяру – трох цялятак і трох бараноў.
Аднак праз пэўны час, дзякуючы клопатам грамадзян, вавельскі цмок незвычайна вырас і стаў яшчэ больш пражэрлівы. Цяпер, калі не прыносілі яму дастаткова ежы, цмок вылятаў са сваёй ямы і хапаў хатнюю скаціну, а то і на людзей нападаў. Калі вылятаў на сваё жудаснае паляванне – цень ад яго крылаў засцілала паўгорада, а жудасны роў, які ён выдаваў, пужаў больш за гром маланак падчас буры і разносіўся далёка за межамі горада.
Некалі вясёлыя і шумныя вуліцы горада пачалі пусцець і ўсё больш нагадвалі ціхія лабірынты. Людзі баяліся выходзіць са сваіх дамоў, а іншыя спешна пакідалі горад.
А неяк па горадзе пайшоў слых, што цмок ужо і на маладых дзяўчынак перакінуўся. Замаркоціўся і жаласна зарыдаў кароль – у яго была маладая дачка-прыгажуня і пры адной думцы, што цмок можа выкрасці і яе, боль сціснула яго старое сэрца.
У роспачы ён звярнуўся за парадай да сваіх мудрацоў, але і яны не змаглі прыдумаць ніводнага спосабу забіць пачвару. Тады кароль абвясціў на ўсе бакі свету, што аддасць палову каралеўства і прыгажуню дачку ў жонкі смельчаку, які пераможа цмока. Гэтая вестка вокамгненна разляцелася па ваколіцах і хутка адусюль пачалі сцягвацца мужныя рыцары, каб памерацца сіламі з грозным цмокам.
Але, на жаль, усіх іх чакаў адзін лёс. Рыцары нават не заўсёды паспявалі дастаць меч з ножнаў, як цмок пажыраў іх. Не пужалі пачвару нават групы рыцараў. Урэшце, перад ямай стала цэлае войска смельчакоў, узброеных шчытамі, дзідамі і мячамі, але і яны сталі толькі стравай для вавельскага цмока. Ні адзін з іх не вярнуўся з паходу да ямы монстра.
Зусім засмуціўся кароль і забедавалі жыхары горада. Ужо здавалася ўсё страчана, як на вуліцах горада з’явіўся бедны шавец. Гэта быў схуднелы хлопец, звалі якога Скуба.
– Ваша Вялікасць, – звярнуўся ён да караля, нізка кланяючыся. – Я думаю, што я здолею перамагчы цмока, які Вам не дае спакою.
– А ці ведаеш ты, хлопец, што ён забіў ужо многіх мужных ваяроў?! Як ты думаеш яго адолець?
– Ёсць у мяне адна задума, Ваша Вялікасць. Адзінае, што мне толькі спатрэбіцца, гэта скура найбуйнейшага барана. Астатняя справа за мной.
Падумаў князь Крак. Ён быў гатовы выкарыстаць любы шанец, толькі б хутчэй пазбавіцца ад небяспечнага звера.
– Добра, шавец. Калі пераможаш цмока, будзеш шчодра ўзнагароджаны.
Яму прынеслі баранову скуру і хутка шавец прыняўся за справу. Увесь дзень і палову ночы працаваў кемлівы шавец. Са скуры ён пашыў куклу, пудзіла, падобнае на барана, і бітком напхаў яе серай з каменяломні і смалой. І яшчэ да ўзыходу сонца разам з каралеўскімі жаўнерамі аднёс пудзіла да ямы цмока і паставіў каля самага ўваходу. З боку выглядала быццам і насамрэч стаіць самы звычайны добра адкормлены жывы баран. Скуба з жаўнерамі схаваліся ў хмызняку за камянямі і сталі назіраць, што будзе далей.
Як сонца ўзышло, цмок вылез са сваёй пячоры і ўбачыў перад самым носам апетытны сняданак. Адным глытком ён праглынуў барана і, задаволены, палез назад у сваю яму далей адпачываць. Але ўжо хутка адтуль раздаўся страшны рык і вырвалася полымя. Узгорак затросся, а з пячоры вылецеў вавельскі цмок і спешна панёсся да Віслы.
Гэта сера, прыхаваная ў баране, пачала дзейнічаць. Яна пачала гарэць у страўніку цмока і з кожнай хвілінай пякло ўсё больш і больш горача. Цяпер, адзінае чаго ён прагнуў – гэта як мага хутчэй напіцца вады, каб патушыць страшнае полымя, якое пажырала яго знутры. Ён падбег да ракі, акунуў галаву ў ваду і прагна пачаў піць, вялізнымі глыткамі заглынаючы ваду. Аднак пажар, што бушаваў унутры яго, не сціхаў. І цмок піў і піў, а жывот тым часам рос і рос.
Смага была настолькі вялікая, што цмок амаль да дна выпіў усю Віслу і хутка стаў выглядаць, як вялікі паветраны шар. Зрэшты ён надзьмуўся так, што жывот яго не вытрымаў і з гучным трэскам ўзарваўся.
Адразу ж добрая навіна разнеслася па горадзе. Усе жыхары ўзрадаваліся, выбеглі на вуліцы, пачалі радасна крычаць і спяваць. А шчаслівы кароль падышоў да спрытнага хлопца Скубы, абняў яго і сказаў:
– Ты перамог страшнага цмока, вызваліў нас ад яго. Трымай жа цяпер абяцаную ўзнагароду. Аддаю цябе палову каралеўства і маю любімую дачку.
– Шчыра дзякую, Ваша Вялікасць. Але пагаджуся яе прыняць, толькі калі яна сама таго пажадае і зможа пакахаць мяне.
Ды дзе ж не закахацца ў такога мужнага героя?! Юная каралеўна з радасцю пагадзілася і хутка на Вавелі адбылося выдатнае і шумнае вяселле. А ў якасці вясельнага падарунка Скуба сваёй жонцы паднёс абутак са скуры таго самага Цмока.
У прыгожым горадзе Кракаве нарэшце настаў спакой і жыхары радасна вярнуліся да шчаслівага жыцця. А пра злога цмока засталася толькі легенда і пячора, якая дагэтуль завецца Цмокава Яма. Яе і сёння можна паглядзець у Кракаве ля падножжа замка. А яшчэ там можна ўбачыць агнядышную постаць вавельскага цмока, якая ўвекавечвае доблесны ўчынак шаўца.
Алег Грушэцкі