Лянотка
Арфаграфiя i пунктуацыя аўтара захаваны
У адным з гарадоў жыла адна дзяўчынка. І больш за ўсё яна не любіла нешта рабіць. Нават пальчыкам паварушыць для дзяўчынкі было цяжка. Праз гэта ўсе навокал называлі яе Ляноткаю. Неяк пайшла яна мыцца, але спынілася перад ваннаю, адкруціла кранік, каб было чутно, што бяжыць вада, патрымала яго з пару хвілінаў і закруціла. Усміхнулася Лянотка і падумала сабе: а падману я ўсіх, ніхто ж і так не здагаецца: памылася я ці не! І сапраўды ніхто не здагадаўся. І зубкі Лянотка не памыла: а што там зубкі, яны ж і так чыстыя! І калі пайшла яна спаць, у сне прыйшоў да яе стары Гразь. – Цудоўна, што ты мяне ня змыла, Лянотка! Мне так добра сярод тваіх пальчыкаў і зубак. Навошта мыцца, і так забрудзішся?!
Гэтага сну яна спужалася, але нікому нічога не сказала. А ўвечары, калі мама і тата адправілі яе мыцца, Лянотка ізноў адкруціла кранік, пачакала некалькі хвілінаў і закруціла яго.
— Навошта табе мыла і зубная паста? — казаў у новым сне стары Гразь. І яна пагадзілася. Раніцою Лянотка не заслала ложак, пакінула на падлозе брудныя шкарпэткі, а талерку, відэлец з лыжкаю ды філіжанку пасля снядання паклала да чыстых. А можа ніхто не заўважыць?
І вось некалі Лянотка прачнулася, мамы і таты не было, яна ўстала з ложку, кінула ўсё абы-як і пабегла на кухню піць памаранчавы сок. Але соку не знайшла, затое стол, шафкі і лядоўня былі такімі бруднымі ды ліпкімі, што да іх гідка было дакрануцца, а падлога была слізкая і гідкая. Яна падыйшла да люстэрка і спужалася: замест прыгожанькага тварыка на яе глядзеў стары Гразь: Малайчына, Лянотка, цяпер я назаўжды застануся з табою, вось гэта і ёсць парадак! Лянотка спужалася і пабегла на кухню, каб узяць анучу ды прыбраць, але падслізнулася і ўпала. Яна ўбачыла, як пад сталом сярод пылу ды павуціны лазяць прусакі ды мухі. Не, мне гэта не падабаецца!!! — — Мама, тата! — , клікала Лянотка, але ніхто не прыходзіў. І тады яна падумала: я буду рабіць усё крок па кроку: найперш я памыюся. Вада з мылам прабегліся паміж пальчыкаў і яны заіскрыліся, потым, як дыяманты, заблішчэлі зубкі. У гэты момант стары Гразь закрычэў, скруціўся ў маленькі вузялок і выбухнуў, пасля яго на сцяне і на столі засталіся брудныя плямы. Лянотка ўзяла анучу, мыла, парашок і пачала іх церці. А неўзабаве вярнуліся мама з татам. Яны так здзівіліся такой чысціні, што не маглі прамовіць ані слова. А ўся кватэра сапраўды ззяла, як сонечны праменьчык.
-Малайчына, Лянотка! Прамовілі адначасна бацькі.
Я не больш не Лянотка, я Зося, — адказала дачушка і пабегла глядзецца ў вычашчанае люстэрка.
Алесь Яшчанка