Фінансы ад А да Я. Лiтары Л, М, Н
Школка Грошыка
Л. Лізінг – сучасны і даступны спосаб набыцця дарагіх рэчаў. Лізінг, іншымі словамі, – фінансавая арэнда. Лізінгавая кампанія набывае тое, што вам патрэбна і аддае ў карыстанне, а вы паступова вяртаеце ёй грошы. Атрымліваецца, выплочваеце лізінгавай кампаніі кошт набытай рэчы і плату за карыстанне. А калі ўся сума будзе выплачана, то рэч становіцца вашай. Калі па нейкай прычыне не зможаце выплаціць усё, то і выплачаныя грошы, і набытая рэч застаюцца ў валоданні лізінгавай кампаніі.
М. Манета – грашовы металічны знак. Ён можа быць з золата, срэбра, медзі, нікелю, іншых металаў. Вырабляюць, чаканяць такія грошы на спецыяльных станках. У кожнай краіне свае манеты. Яны маюць пэўную вартасць і адметныя дзяржаўныя адзнакі.
М. Манеты памятныя. Іх выпускаюць да пэўных дат, падзей краіны, да юбілеяў пісьменнікаў, вучоных, мастакоў, вядомых людзей.
М. Манетны двор – спецыяльнае прадпрыемства, на якім вырабляюць манеты, ордэны, медалі ды іншыя дзяржаўныя знакі. Даўней такія манетныя двары былі ў Брэсце, Гродна.
Н. Нумізматыка – вывучэнне па манетах гісторыі грашовых сістэм, абарачэнне грошай, тэхнікі вырабу манет. Нумізматы, калекцыянеры збіраюць і даследуюць рэдкія, старажытныя манеты, манетныя скарбы, папяровыя грошы. Вялікая калекцыя манет захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі Беларусі.
Н. Накапленні – гэта як бы “лішнія” грошы. У вас усё куплена, за ўсё заплочана. Засталіся вольныя грошы, ваш капітал. Што з накапленнем рабіць? Можна яго пакласці ў банк, можна пазычыць радні, сябру, суседу. Можна купіць даўно жаданую рэч, якую вы хацелі мець, але не было пэўнай сумы грошай.
Пачатак у №№1 – 6 за 2016 год. Працяг чытайце ў наступным нумары.
Дамашнія заданні:
- Ці ёсць у вашай сям’і манетніца-скарбніца? Якія самыя старажытныя грошы вам пашчасціла бачыць, мець, трымаць у руках?
- Што азначаюць такія выказванні:
“Адплачу табе той жа манетай”;
“Прымаю ўсё за чыстую манету”;
“Маю звонкую манету”?