Еўрапейскія паркі Нясвіжа
Скарбы Нясвіжскага замка
Нашы героі атрымлівалі асалоду ад смачных страў і прыемнай размовы і не заўважылі, як праляцелі дзве гадзіны.
– Нешта мы засядзеліся за гасцінным сталом. – прамовіў Сяргей Уладзіміравіч, рашуча ўстаў, падзякаваў гаспадыні за сняданак і прапанаваў усім прагуляцца па радзівілаўскім парку.
– Зараз загуглім, што за парк, – апантана і зацікаўлена выгукнуў Янка.
– Навошта гугліць, я вам і так усё пакажу і распавяду! – адазваўся Сяргей Уладзіміравіч.
– Ну, вось, слухайце: забудова Нясвіжскага палаца не абмяжоўвалася толькі палацам. Уладальнікі актыўна выкарыстоўвалі наваколле. Яшчэ ў 1585 годзе князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка меў летнюю сядзібу Альбу на тэрыторыі сучаснага парку. А яго нашчадак Караль Радзівіл, Пане Каханку, загадаў непадалёк ад замка высекчы трыста гектараў лесу і на яго месцы збудаваць палацава-паркавы ансамбль. Так утварыўся паркавы комплекс “Альба”. Узнікненне сучаснага паркавага комплексу звязваецца з іменем Марыі дэ Кастэлян, жонкі Антона Радзівіла. Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 годзе. Па часе закладкі, планіроўкі і архітэктуры, падбору саджанцаў Нясвіжскі паркавы ансамбль умоўна дзеляць на пяць частак: Замкавы парк (11 гектараў), Стары парк або Азярын (16 гектараў), Японскі парк або Плінтоўку (7 гектараў); Новы ці Марысін парк (22 гектары), і Англійскі парк (10 гектараў). Ландшафтныя ўчасткі аб’яднаны Дзікай, Замкавай і Бернардзінскай сажалкамі. Плошча паркаў разам з вадаёмамі складала каля ста гектараў. Замкавай і Дзікай сажалкамі паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі.
– Давайце ўжо пойдзем і пабачым гэта ўсё на свае вочы! – не вытрымала мама Янкі і накіравалася да дзвярэй.
Усе хутка сабраліся і з настроем, весела гамонячы, падаліся ў бок Нясвіжскага парку. Усе адчувалі: зараз пабачаць нешта прыгожае і неверагодна цікавае! Па дарозе навуковец Сяргей Уладзіміравіч трошкі распавёў пра гісторыю парку:
– Нясвіжскі парк моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Маладыя пасадкі былі высечаны, многія дрэвы ачышчаны ад галін у ніжняй частцы, што сапсавала іх знешні выгляд. У пасляваенны час у парку ўстанавілі два помнікі: паблізу таполі на Выставачнай паляне, дзе ў 1941 годзе нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі забіты мірныя жыхары Нясвіжа, і каля заходняга бастыёна палаца, на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі ў час вызвалення Нясвіжа. Тут, каля падножжа помніка, гарыць вечны агонь.
У 1963 годзе паркавы комплекс Нясвіжа аб’яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Створана Алея Памяці, уздоўж якой устанавілі бюсты Мікалаю Радзівілу Сіротку, Джавані Бернардоні, Уладзіславу Сыракомлю, Якубу Коласу, Юрыю Нясвіжскаму.
– Так, правільна, а яшчэ Нясвіжскаму палацу прысвечаны манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь 2004 года выпуску і беларускія паштовыя маркі, што выходзілі ў 1992 і 1998 гадах, – паведаміў тата Янкі.
– Звярніце увагу, недалёка ад уваходу, у бок узбярэжжа возера, мы пабачым самы вялікі ў Старым парку валун. На ім Антоній Вільгельм Радзівіл увекавечыў заслугі сваёй жонкі: “У знак прызнання за шматгадовую працу па ўпрыгожванню замка Марыі дэ Кастэлян, княгіні Радзівіл, камень гэты паставіў у 1903 годзе яе ўдзячны муж князь Антоній Радзівіл, XIV ардынат Нясвіжскі”. Гэты помнік каханню ўжо ў савецкі час сталі называць “Камень жаданняў”. Кажуць, калі да яго дакрануцца, пакінуць у адной з адтулін манетку або банкноту і загадаць жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца, – сказаў і хітравата ўсміхнуўся Сяргей Уладзіміравіч.
– А яшчэ такія ж вялікія камяні ў парку ёсць? – запытаўся Янка.
– Непадалёку ад летняй кавярні ёсць яшчэ адзін, але значна меншы. На ім высечаны старадаўні надпіс на польскай мове: “Алею пасадзіла Марыя дэ Кастэлян, княгіня Радзівіл, выкарыстоўваючы саджанцы, выгадаваныя з насення, прывезенага з саду Берлінскага палаца князёў Радзівілаў”. Надпіс зроблены ў 1903 годзе Антоніем Вільгельмам Радзівілам. Гэтыя валуны – пацверджанне развіцця Радзівіламі сваіх паркаў, якое доўжылася ажно да 1939 года.
– Ой, а што гэта за прыгожая скульптура жанчыны? – запытала сястрычка Янкі.
– Ну, гэта не зусім жанчына. Зараз патлумачу. На валуне ў Люстраной сажалцы скульптура міфічнай ундыны (русалкі). Легенда сцвярджае, што яна зрабіла сваім домам крыніцу, якая ўпадае ў штучны вадаём палацавага парку. Таму і сам вадаём атрымаў назву “Студня Ундыны”.
– Гугл дае інфармацыю, што Палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь вышэйшай катэгорыі. Увесь комплекс занесены ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА з 2005 года. – з выглядам знаўцы вымавіў Янка.
– Так, наша вандроўка толькі пачынаецца, столькі цікавостак нас яшчэ чакае! – натхніў усіх Сяргей Уладзіміравіч.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ