Артур Вольскi. Вершы
Дзеці
Розныя дзеці
жывуць на планеце –
белыя, жоўтыя,
чорныя дзеці.
Розныя дзеці –
аднолькавы смех.
Смех у хвіліны
забаў і пацех.
Розныя дзеці –
і розныя вочы.
Вочы – як неба.
Вочы – як ночы.
Вочы, што мора
ўвабралі глыбіні.
Вочы – пад колер
бязводнай пустыні.
Розныя вочы –
адзіныя слёзы.
Слёзы ў хвіліны
бяды ці пагрозы.
Вось бы зрабіць,
каб у розных дзяцей
радасць гасціла
даўжэй ды часцей.
Вось бы зрабіць,
каб на нашай планеце
гора не ведалі
розныя дзеці!
Мой скарб
Як і кожны ў маёй старане,
я багацце нязмернае маю.
Ды не ў грошах,
не ў золаце – не!
У любові да роднага краю.
Гэты скарб не схаваны ў зямлі,
не закуты ў іржавай скарбонцы.
Ён вясною з адталай раллі
узнімаецца рунню да сонца.
Не кладзецца ў далярах на стол
І працэнтаў мой скарб не прыносіць.
Ён пладамі даспелымі ў дол,
рэха будзячы, бумкае ўвосень.
Скарб той крыецца ў кожным кутку
неабсяжнай маёй Беларусі.
Рады я дружбаку, земляку,
З ім пароўну багаццем дзялюся.
Беларусь!
Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў –
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты – багацце маё і любоў.
Славы даўняй адгалосак
На гарбах счарнелых высп
стогнуць сосны векавыя.
Воўкам вые Ваўкавыск,
падвывае Ваўкавыя.
Ад варожых капытоў
абгароджана Гародня.
І Лагожаск з-за шчытоў
пазірае нелагодна.
Менск, абуджаны ўначы,
лоб хавае пад забрала.
І мяняюць крывічы
на мячы свае аралы.
Тураў дзьме ў турыны рог.
Клічаў кліча.
Свіслач свішча.
Месяц – кінуты нарог –
У разоры чорнай блішча…
О, мінулыя вякі!
Зброі бразгат несціханы.
Пагражалі крыжакі,
Каралі, цары і ханы…
Ды жыве ў пластах гадоў
славы даўняй адгалосак –
назвы нашых гарадоў,
нашых вуліц, нашых вёсак.
Няма прыгажэй
Высозныя сосны
адвечнага бору –
пад самае сонца,
пад самыя зоры.
Зубры
ў гушчары
пратапталі сцяжыны
туды,
дзе ніводнай
няма каляіны.
Маліны даспелыя
Просяцца ў жмені,
грыбы – у кашы,
бы ў загоне алені.
Вітаюць нас
птушкі і дрэвы гасцінна…
Ну дзе яшчэ знойдзеш
такія мясціны?
Усім на зямлі
я давесці бяруся:
няма прыгажэй
ад маёй Беларусі!
Песня юных падарожнікаў
З вакон глядзім наўкола,
глядзім у сто вачэй.
Хутчэй бяжыце, колы,
хутчэй, хутчэй!
Вабяць нас, вабяць нас
сонца і прастор.
Ветліва вітаецца
кожны семафор!
Пад ціхі шэпт ігліцы
ў ладны шум бароў
мы шмат збяром суніцаў
і шмат грыбоў.
Хораша, хораша
летам у бары –
і грыбы, і ягады
ў прыгаршчы бяры!
Блішчыць вірок, як шыба,
ў аеры ветрык сціх.
Мы шмат наловім рыбы
для вас, для ўсіх.
Возера, возера
нам за лес не горш,
калі добра ловяцца
і акунь, і ёрш!
У зелені і ў красках
чакае нас лужок.
Стракозка, калі ласка,
ляці ў сачок.
Весела, весела
ў лузе, між палёў.
Кружаць над пялёсткамі
сотні матылёў!
Як многа асалоды
нам гэты дзень нясе.
Аматары прыроды
мы ўсе, мы ўсе.
Вабяць нас, вабяць нас
сонца і прастор.
Ветліва вітаецца
кожны семафор!
Карусель
– Вы паспелі?
– Мы паспелі!
– Вы паселі?
– Мы паселі!
I адразу
паляцелі
на вясёлай
каруселі.
Аж за трыдзевяць
зямель
занясе нас
карусель!
Зашасцелі
побач шаты.
Мы ляцім
усё хутчэй.
Дзе там мамы,
дзе там таты?
Ані твараў,
ні вачэй…
Па нязведанай
арбіце
проста ў космас
мы ляцім.
Паглядзіце,
паглядзіце –
сонца блізка ўжо зусім!
Вышыню
палёт дае мне.
Але зноў
зямля заве.
Пасля космасу
прыемна
паваляцца
на траве.
АДЭЛЬЧЫНЫ РУЧНІКІ
Апавяданне
Мая ўнучка Адэля жыве ў Менску. Як і я. Яна – недалёка ад ускраіны. Я – таксама. Толькі ў розных канцах горада. Таму і бачымся мы даволі рэдка. Больш па тэлефоне перамаўляемся.
Бывае, набяру нумар і пачую ў слухаўцы бадзёранькае:
– Алё!
– Адэля? – пытаюся.
– Адэля.
– А ці ведаеш, хто тэлефануе?
– Ведаю. Айтуй.
Так у яе пакуль што маё імя атрымліваецца. Бо гук “р” ёй ніяк не даецца. І я не крыўдую. Другому яе дзеду – Сцяпану – яшчэ менш пашанцавала. Яна яго ўпарта Бацянам называе. Як прывыкла з самага малку, так і не хоча перавучвацца. Упарценькай бывае!
А так гаворыць выдатна. Жвавенька. Хуценька. Па слова, як кажуць, у кішэнь не палезе. І, між іншым, па-беларуску. Мяне гэта радуе. Хаця, шчыра кажучы, нічога дзіўнага ў тым няма. Бацькі яе – мой сын Лявон і яго жонка Ганя – заўсёды роднай мовы трымаюцца. І ў сям’і, і на вуліцы, і як у краму пойдуць. Гледзячы на іх, і дзед Сцяпан таксама пачаў па-беларуску гаварыць.
Родам дзед Сцяпан з Палесся. Там, у вёсцы пад невялікім горадам Кобрынам, шмат у яго сваякоў ды радні засталося. А галоўнае – маці. Старэнькая ўжо, нямоглая. А пакідаць родную хату не хоча.
Бачыце, як Адэльцы пашанцавала? Акрамя двух дзядоў і дзвюх бабуль у яе яшчэ і прабабка ёсць. Завуць яе ў вёсцы, як пазней даведалася дзяўчынка, бабкай Вольгай.
Везці бабку Вольгу ў Менск – справа рызыкоўная. Ці вытрымае старэнькая некалькі гадзін дарогі ў аўтамашыне? Дарога ж не ўсюды гладкая…
І надумаў дзед Сцяпан павезці праўнучку на Палессе з прабабкай знаёміцца. А ў Сцяпана слова са справай не разыходзіцца. Як надумаў, так і зрабіў…
Сцяпанавай радні Адэля вельмі спадабалася. Яна і сапраўды слаўная дзяўчынка. Не можа не падабацца. Асабліва прывязалася да яе бабка Вольга. Амаль ні на крок ад сябе не адпускала.
Аднойчы ўвечары радня наладзіла нешта накшталт развітальнай вечарыны. Сталічным гасцям надыходзіў час вяртацца дадому. Дарослыя спявалі, танчылі. А потым нехта прапанаваў:
– Няхай цяперака Адэлька пакажа, што яна ўмее…
Адэля спачатку трошкі засаромелася. Потым выйшла на сярэдзіну залы, прыняла артыстычную паставу і пачала чытаць верш. Па памяці. Ды так звонка! Так хораша!
Усе прыціхлі. І ў поўнай цішыні па-дзіцячы ўрачыста прагучалі заключныя радкі:
Я – дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма!
Што тут было! Усе кінуліся абдымаць ды цалаваць Адэлю. А яна збянтэжана праціснулася да прабабкі і прытулілася да яе плечука. Бабка Вольга таксама была ўзрушаная. Нават слязіну са слепаватых вачэй ацерла.
– Ах ты, даражэнькая мая! Ах, ненаглядная! – ціха прамаўляла яна. Потым, супакоіўшыся крыху, сказала ёй як бы па сакрэту: – Заўтра я табе, Адэлька, пакажу нештачка…
Адэльцы вельмі карцела як хутчэй дазнацца, што ёй пакажа прабабка. Спачатку яна аніяк не магла заснуць. Але стома ўзяла сваё…
Назаўтра, хуценька апаласнуўшы твар халоднай вадой і апрастаўшы кубачак ранішняга сырадою, Адэля падалася да прабабкі. Тая заўсёды прачыналася рана і цяпер была ўжо на нагах.
– Добрай раніцы, бабулечка, – павіталася Адэля.
– Добрай раніцы, – прашамкала бабка Вольга і хітравата ўсміхнулася. – Не церпіцца даведацца, што я табе прыпасла?
Адэля сарамліва прамаўчала.
– Што ж, пайшлі, – узяўшы праўнучку за руку, бабка Вольга паціху патупала да вялікага куфра, што стаяў у куце. Куфар быў, відаць, некалі прыгожа пафарбаваны. Цяпер, праўда, фарбы павыцвіталі, а металічныя палосы абшыўкі дзе-нідзе нават пазелянелі. Прабабка дастала з-за пазухі вязку ключоў і даволі доўга выбірала патрэбны. Нарэшце – знайшла. Адамкнула навясны замок і з цяжкасцю адкінула вечка куфра.
– Вось, глядзі! – урачыста прамовіла яна.
Што ж убачыла Адэля ў куфры? Паверх іншага дабра там ляжалі як след напрасаваныя і акуратна складзеныя ручнікі. Прыгожыя. Вышываныя. Адны – чырвонымі і чорнымі ніткамі, другія – блакітнымі ды жоўтымі…
Адэля загледзелася. А бабка тлумачыла:
– З чыстага лёну ўсё, з чыстага лёну. Сама некалі прала, сама на сонцы бяліла, сама ніткі сукала, сама вышывала…
– Усё сама? – дзівілася Адэля.
– Усё сама, – пацвердзіла прабабка з гонарам. Яна дастала з куфра два ручнікі і разгарнула іх: – Гэта – самыя прыгожыя. Па вышыўцы на іх можна даведацца пра мінулае нашага краю, нашых людзей, пра паданні ды казкі…
У гэты момант у пакой увайшоў дзед Сцяпан. Убачыў разгорнутыя ручнікі.
– Ой, мама! Мы ўжо ў дарогу збіраемся. А вы тут…
– Вось што, Сцяпанко…
Яна так і вымавіла імя свайго сына. З “о” на канцы. Так у гэтых мясцінах многія гавораць.
– Дык вось што, Сцяпанко, – працягвала бабка Вольга, – ручнікі з сабой возьмеце.
– Чаму?
– Бо гэта – Адэльчыны ручнікі. Я іх для яе захоўвала. У спадчыну.
Дзед Сцяпан расчулена абняў маці. А Адэля ўзяла яе сухарлявую далонь сваімі мяккімі ручкамі і моўчкі гладзіла. Ёй было і радасна, і сумна. Адначасова. Чаму? Яна і сама як след яшчэ не разумела…
Пра ўсё гэта мне расказаў потым дзед Сцяпан. А я ўжо – вам.
что надо по программе, того и нету.