Верш на ночку
Четверг, 28.07.2016 08:13. Рубрика: Вершы
Як заззяла ў небе зорка,
Мышаня залезла ў норку,
У клубок згарнуўся вожык,
І каток знайшоў свой ложак.
У будзе прыціх сабачка,
У хляве паснулі качкі,
Ваўчаня, ліса, мядзведзік
Моцна спяць у лесе недзе.
Нават мой малы сыночак,
Што не вельмі спаць ахвочы,
Пад пушыстаю пярынкай
Праглядае сны-карцінкі.
Толькі зорка ярка ззяе,
З неба пільна аглядае
Поле, лес, надворак, хаты…
– Спіце, дзеці, звераняты!
Заўтра будзе светлы ранак –
Адсыпайцеся старанна.
Каля мамы, каля таты
Нават сон здаецца святам.
Людміла КЕБІЧ