Таямніца Дамініка Радзівіла
Скарбы Нясвіжскага замка
Сняданак, які падрыхтавала мама, быў вельмі смачны. Сябры з радасцю смакавалі і яечню, і каўбаску, і аладкі, і блінцы з тварагом. А Сяргей Уладзіміравіч падтрымліваў настрой усіх перад вандроўкай у Радзівілаўскі парк. Ён зразумеў, што дзяцей зацікавіў лёс залатых апосталаў і яны хацелі іх пабачыць. Але як гэта зрабіць? Трэба адразу распавесці гісторыю знікнення скарбу.
– На пачатку XIX стагоддзя Нясвіжскім і Мірскім замкамі валодаў Дамінік Радзівіл. Ён і быў апошнім уладальнікам княжацкіх скарбаў. Нясвіж і вялікая частка земляў, якія належалі Радзівілам, падчас падзелаў Рэчы Паспалітай адышлі да Расіі. У 1809 годзе ў Нясвіжскім замку быў складзены яго інвентар. І ў гэтым дакуменце зноў згадваліся дванаццаць апосталаў – фігуркі з золата і срэбра, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі. Падчас вайны 1812 года Радзівілы перайшлі на бок Напалеона, бо той паабяцаў шляхце і магнатам адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага. Дамінік Радзівіл сфарміраваў ваенны пяцітысячны корпус і накіраваўся разам з французскім войскам на Маскву. У вайне 1812 года на баку Напалеона змагаліся палякі і ліцвіны агульнай колькасцю больш за 80 000 чалавек. Многія спадзяваліся на перамены. Дамінік Радзівіл са сваім войскам змагаўся пад Смаленскам, Мажайскам і Барадзіно. З трыумфам увайшоў у Маскву, атрымаў званне палкоўніка, камандаваў асабістай гвардыяй Напалеона. У канцы кастрычніка 1812 года, прыкрываючы ўцёкі Банапарта, Дамінік апынуўся з рэштаю войска паблізу Нясвіжа. Але да горада падышлі рускія войскі пад камандаваннем генерал-ад’ютанта адмірала Чычагава. Французы пацярпелі паражэнне і Дамінік, як і іншыя саюзнікі Напалеона, быў вымушаны адступаць. Кажуць, ён паспеў з’явіцца ў сваім замку на некалькі гадзін, каб аддаць распараджэнне эканому Адаму: неадкладна схаваць апосталаў. Згодна з існуючым паданнем, іх павінны былі вывезці з горада. Але зрабіць гэта да прыходу рускіх войскаў не паспелі. Таму вымушаны былі падарваць тунэль, які вёў у схоўню, дзе знаходзіліся радзівілаўскія багацці, у тым ліку і статуі дванаццаці апосталаў…
– Вой, як шкада, – вымавіла мама Янкі.
– Рускія войскі хацелі адшукаць гэты тайнік па гарачых слядах. Адама Бургельскага, радзівілаўскага эканома, арыштавалі, страшна катавалі, але не дамагліся ад яго ні слова. Па прыгавору палявога суда эканома прысудзілі да смерці, і прысуд прывялі ў выкананне. А сам князь неўзабаве пасля гэтых падзей быў смяротна паранены. У бяспамяцтве яго перавезлі ў Парыж, дзе ён і памёр, не паспеўшы раскрыць таямніцу знаходжання «скарбца».
– І яго шкада, – зноў шчыра прызналася мама.
– Зразумела, шкада князя. А са скарбам што? – хацеў ведаць бацька Янкі.
Скарбы шляхетнага роду безпаспяхова шукалі ў 1812, 1915, 1939 гадах, і шукаюць па сённяшні дзень. Па адной з легенд, яны знаходзяцца ў тунэлі даўжынёй больш за 35 кіламетраў, які стагоддзямі злучаў два замкі Радзівілаў – Нясвіжскі і Мірскі. Мірскі замак сапраўды меў падземныя схованкі. Вядома, што ход, які пачынаўся пад паўночна-заходняй вежай, цягнуўся на паўтара кіламетра. У розныя часы знаходзілі вакол яго фрагменты іншых падземных галерэй. Пацвярджэннем таго, што скарбы схаваны менавіта ў гэтым замку, спецыялісты па іх пошуку лічаць з’яўленне ў замку прывіда князя Дамініка, які ахоўвае схаваныя ім калісьці каштоўнасці. Па іншай версіі, сховішча радзівілаўскіх скарбаў размешчана ў Нясвіжы, пад самім палацам або ў галерэях, прылеглых да яго, а можа быць, і пад замкавым дваром. Першапачаткова скарб шукалі яшчэ ў 1812 годзе – адразу пасля захопу Нясвіжа рускімі войскамі. Перакапалі ўвесь парк замка, усе прылеглыя тэрыторыі – нічога не знайшлі. У 1997–2000-я гады рэстаўратары замка адкрылі падземны ход вышынёй 1,8 і шырынёй 1,2 метра. І ён добра захаваўся. Па патаемным ходзе, наладжаным у вале, можна выйсці за межы замка. З замкавых інвентарных кніг добра вядома, што падземныя хады звязвалі замак з гарадскімі манастырамі, у валах абсталёўваліся падсобныя памяшканні, склады, канюшня.
– Так і не знайшлі, шкада. А цікава пабачыць радзівілаўскія багацці на свае вочы! – натхнёна прамовіў Янка.
– Скарб так да гэтага часу і не знойдзены. Ніхто не ведае месца яго знаходжання. Вядома толькі адно: Дамінік Радзівіл сапраўды закапаў усе родавыя скарбы і зрабіў гэта дзесьці непадалёк ад замка. Але дзе? Вось пытанне, на якое, спадзяюся, калі-небудзь хтосьці адкажа.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ