Фінансы ад А да Я. Літара К
Школка Грошыка
К. Крэдыт – гэта грошы, якія банк выдае кліентам у доўг. Праз пэўны час пазычаную суму трэба абавязкова вярнуць. Але пры гэтым заплаціць банку дадатковую суму. Яна мае назву – працэнт па крэдыту.
Крэдыты бываюць розных відаў. Напрыклад, мэтавыя – на пакупку кватэры, машыны. Банк адсочвае, куды трацяцца яго грошы. А спажывецкі крэдыт чалавек можа патраціць на звычайныя пакупкі.
К. Кліенты крэдытныя – гэта і звычайныя людзі, і фірмы, і заводы, і сельскія гаспадаркі, і будаўнічыя арганізацыі, і бізнесмены. Адным словам, усе, хто пазычае ў банка грошы.
К. Купюра – назва папяровых грошай. Бываюць дробныя купюры і буйныя. Якія вы ведаеце, бачылі, мелі?
К. Капейка – грашовая адзінка, дробная разменная манета. Яна з’яўляецца адной сотай рубля. Капейкі звычайна робяць з металаў, але бываюць і папяровыя.
К. Каштоўныя паперы – гэта акцыі, аблігацыі. Пра акцыі мы расказвалі. А вось аблігацыі, ведайце, – гэта каштоўныя паперы, якія можна купіць у банку. Яны – своеасаблівы від зберажэнняў. Праз нейкі час, скажам, праз год, прыносіце аблігацыі ў банк і атрымліваеце свае грошы назад. Ды плюс яшчэ і працэнты.
К. Кішэнныя грошы – твае грошы, якія бацькі выдаюць на асабістыя патрэбы, напрыклад, купіць у школьным буфеце булачку, сок ці кніжку ў краме. Звычайна ты хаваеш гэтыя грошы ў сваю кішэню. Вось табе і кішэнныя грошы. Навучыся іх беражліва, з карысцю траціць. Ці “слухаюцца” цябе твае кішэнныя грошы?
Дамашнія заданні:
- У якіх выпадках чалавек просіць у банка крэдыт? Каму банк можа выдаць крэдыт, а каму мае права і адмовіць?
- Патлумачце, што азначаюць такія слоўныя выразы: свежая капейка, лішняя капейка, узбіцца на капейку, абыйсціся ў капейку, капейка ў капейку?
- Як разумееце народныя прымаўкі:
– беражы бацькаву капейку, то і сваю здабудзеш;
– грошы ў доўг дае, ды не за так, а хто не бядак.
Беларусбанк + “Вясёлка” = сумесны творчы праект па асвеце юных фінансістаў і банкіраў. Падарункі, прызы выдатнікаў вучобы чакаюць вас. Пішыце!