Як Заяц з Мядзведзем сілай мераўся
Жыў у адным лесе Мядзведзь. Вялізны, дужы, але розумам не вельмі ўдаўся. І ўсё любіў ён сілаю сваёй выхваляцца, каго са звяроў у лесе ні сустрэне, кожнаму прапаноўвае сілай з ім памерацца. І, вядома ж, кожнага з іх лёгка перамагае…
Мядзведзю гэта, вядома ж, у радасць, а вось астатнім звярам не вельмі. Да таго дайшло, што толькі пабачаць яны Мядзведзя здалёк – прэч ад яго бягуць ці ў норы свае хаваюцца.
Засумаваў Мядзведзь праз гэта, замаркоціўся. Хочацца яму яшчэ і яшчэ сілу сваю паказваць, а няма перад кім!
І вось шкандыбае аднойчы наш Мядзведзь па лесе, бачыць: Заяц пад кустом сядзіць, траўкай зялёненькай ласуецца.
Спыніўся Мядзведзь, паглядзеў на Зайца.
– Слухай, Заяц! – кажа. – А з табой жа я яшчэ сілай не мераўся?
– Не мераўся, – адказвае Заяц. – А хочаш памерацца?
– Хачу! – узрадаваўся Мядзведзь. – Давай мерацца!
– Ды я не супраць! – кажа Заяц. – Толькі за проста так нецікава! Давай дамовімся: калі ты мяне пераможаш – я табе калоду з мёдам прынясу!
– Згодны! – узрадавана зароў Мядзведзь. – Нясі!
– А калі я цябе перамагу, – кажа далей Заяц, – то ты мне мех морквы прывалачэш! Ну як, згода?
– Ды згода, згода! – рассмяяўся Мядзведзь. – Толькі дзе табе, такому слабенькаму, мяне перамагчы!
– А гэта мы яшчэ паглядзім! – кажа Заяц. – Раз, два, тры – пачалі!
– Пачалі! – зароў Мядзведзь.
Кінуўся ён да Зайца, а Заяц ходу! Мядзведзь за ім!
– Куды ж ты! – крычыць. – Няўжо за мёдам адразу пабег?
Беглі яны, беглі, нарэшце, прыпыніўся Заяц. Пачакаў, калі Мядзведзь падбяжыць, і кажа:
– Ну, усё! Мая перамога!
– Як гэта твая?! – здзівіўся Мядзведзь.
– А так! – кажа Заяц. – Бо мы ж з табой навыперадкі беглі. І я цябе перагнаў, а значыцца, – перамог!
Задумаўся Мядзведзь, лапай патыліцу пачухаў.
– Штосьці ты, Заяц, блытаеш! – запярэчыў ён. – Я ж дужацца з табой збіраўся, а не навыперадкі па лесе бегаць!
– Ды ты сам і блытаеш! – стаіць на сваім Заяц. – Прапанаваў бегаць, а калі ўбачыў, што прайграеш, пачаў прыдумляць нешта! Але, калі хочаш па-іншаму дужацца, – давай па-іншаму! Выламай у лесе дзве доўбні, будзем з іх дапамогай дужацца!
– З доўбнямі дык з доўбнямі! – згадзіўся Мядзведзь.
Падбег ён да сухой алешыны, паваліў на зямлю і выламаў з яе дзве вялізныя доўбні. Ухапіў адну з іх, над галавой нібыта пушынку ўскінуў.
– Ну! – крычыць Зайцу. – Бяры сваю!
Падбег Заяц да доўбні, спыніўся. І з аднаго боку ўхапіць яе паспрабаваў, і з другога. Бегае вакол доўбні, а выніку аніякага!
Убачыў гэта Мядзведзь ды як зарагоча. А Заяц яму і кажа:
– Паўторна прайграў ты, Міхал Патапыч! Зноўку мая перамога!
Глядзіць Мядзведзь на Зайца, нічога зразумець не можа.
– Як гэта, твая? – пытаецца. – Чаму гэта твая?
– А таму, – тлумачыць Заяц, – што мы з табой дамовіліся, што пераможа той з нас, хто другога…
– Падужае! – крычыць Мядзведзь.
– Не падужае, а дужа моцна рассмяшыць! – тлумачыць далей Заяц. – Дык вось я цябе дужа моцна рассмяшыў, а ты мяне і крышачку нават не змог! Дык чыя ж тады перамога?
Кінуў Мядзведзь доўбню, зноўку патыліцу лапай пачухаў.
– Твая! – вымушаны быў ён прызнацца.
– Вось бачыш! – кажа Заяц. – Я цябе ўжо аж два разы перамог, а ты мяне пакуль яшчэ ані разочку!
– А давай яшчэ разочак сілай памерымся? – просіць Мядзведзь. – У трэці і апошні раз!
– Ну, што з табой зробіш! – махнуў Заяц лапкай. – Давай! Але гэта ўжо самы апошні будзе! І цур, я буду ўмовы ставіць! Кладзіся на зямлю, а я вакол цябе абыйду і крокі свае палічу.
Лёг Мядзведзь на зямлю, а Заяц вакол яго абыйшоў і, пакуль абыходзіў, кожны свой крок падлічваў. Ажно дваццаць крокаў у яго атрымалася.
– Цяпер давай ты вакол мяне абыйдзі і крокі свае палічы! – кажа ён Мядзведзю.
А ў Мядзведзя ўсяго толькі два крокі і выйшла: туды адзін і зваротна таксама адзін.
– Вось бачыш! – кажа яму Заяц. – Я ажно дваццаць крокаў вакол цябе зрабіць змог, а ў цябе толькі два і выйшла! Выходзіць, што я за цябе ў дзесяць разоў дужэйшы! А цяпер давай, нясі сюды моркву!
Нічога на гэта Мядзведзь не адказаў. Уздыхнуў маркотна і пайшоў за морквай.
Але з таго часу зарокся хоць з кімсьці сілай дужацца.
Генадзь АЎЛАСЕНКА
не интересно