Сямейнае чытанне
Імя Анатоля Грачанікава па-асабліваму дарагое для “Вясёлкі”, бо пісьменнік у 1976–1978 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса. Ён – аўтар кніжак для дзяцей “Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара”, “Валерка і лятаючая талерка”, “Жывая вада”, “Зорны палёт”. Творы Анатоля Грачанікава перакладаліся на дваццаць адну мову, што сведчыць пра вялікую папулярнасць паэта далёка за межамі рэспублікі. На яго вершы напісана нямала папулярных песень.
Ён і сам шмат перакладаў на беларускую мову. Гэта дзякуючы яму беларусы займелі пераклады кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў “Ватан – значыць Радзіма” (1987), а таксама пераклады асобных твораў рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін. Цудоўна, калі дзякуючы перакладчыку ўвесь свет пачынае гаварыць з табой на зразумелай мове.
Заданне: прачытайце казку і зрабіце малюнкі да яе. Чакаем маляўнічай справаздачы на адрас “Вясёлкі”!
Вася ВЯСЁЛКІН
Анатоль ГРАЧАНІКАЎ (8 верасня 1938, в. Шарпілаўка, Гомельскі раён, Гомельская вобласць – 7 сакавіка 1991) – беларускі паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984).