Данашаўскі конік
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Казачнік цешыўся, што яго спадарожнікам падабаецца ездзіць з ім. На кароткіх прывалах Толік і Алеся весела жартавалі, азартна смяяліся. Іх прыемна слухаць.
– Помніш, – прыгадвае Толік, – з-за Мішкі настаўніца мяне падняла.
– Бо шушукаліся.
– Ага, Мішка штурхае: “Колькі будзе дзесяць і дзесяць?”
– А ты што?
– Кажу: “От, дурань ты, Мішка. Складзі і атрымаеш – дваццаць”.
Толік і Алеся смяюцца. І раптам Алеся кажа:
– Матэматык і футбаліст ты добры. А чаму ж па мове не дзясятка?
– Не паставіла… Пашкадавала… – шчыра, з жалем прызнаецца Толік і крыху сарамаціцца.
– Давай я цябе пашкадую, – спачувае Алеся і лёгенька прытуляецца да сябра.
Казачніку добра ад іх настрою, і ён уключае навігатар на “Опелі”.
– Ну што, сёння на чароўнай карце высвеціліся рака Дняпро і вёска Мілаград. Нечым заманьваюць нас. Паедзем?
– Мы гатовы! – дружна адказваюць вандроўнікі.
Праз колькі хвілін крылатая машына павісла над шырокай блакітнай стужкай ракі. З вышыні здавалася, што гэта не вадзяная дарога, а шкляная ці, можа, нават ледзяная. Толькі вельмі ж вужаватая.
На адным закругленні, дзе рака як бы абдымала правым берагам густы лес, Казачнік абвясціў:
– Ідзем на пасадку.
– Глядзіце, зялёнае воблака на Зямлі! – усклікнула Алеся.
– Дык гэта ж дубрава. Адны дубы!.. Такі лес расце на дзядулевай радзіме… – радасна выгукнуў Толік.
Як толькі прызямліліся, убачылі ўказальнік. Чырвоная стрэлка скіравана ў гушчар лесу, а пад ёй надпіс: “Гарадзішча ахоўваецца дзяржавай”.
– Што, у гэтым дубняку стаіць горад? – здзівіўся Толік.
– Там мо і людзі ёсць? – спалохалася Алеся.
Казачнік супакоіў:
– Вы са мною!.. Уперад, адкрывальнікі!..
Усе трое па вузкай сцяжынцы нырнулі ў густы непралазны лес. Унізе раслі кусты ядлоўцу, арэшніку. А маладзенькіх дубкоў, елачак, рабінак, як дзетак у садку. Яны чапляліся за джынсы вандроўнікаў, нібыта прасілі: “Пагуляйце з намі. Сум наш развейце”. Але Казачнік упарта ішоў уперад, як бы нешта шукаў. І ў адно імгненне рэзка прыпыніўся, ледзь не ўкленчыў перад Дубам-дзедам.
– О, магутнейшы продак!.. О, цярплівы і трывалы сведка, падкажы нам, куды мы трапілі!..
Рэха разнесла просьбу Казачніка па ўсёй дубраве. Стала ціха-ціха. І раптам зверху, як бы з неба, пачулася: “Тук-тук-тук…” Прыгледзеліся, а на сухой галіне дуба сядзіць дзяцел і выстуквае эсэмэску.
– Дуб-дзед глухаваты, не дачуў маю просьбу. Вось яго сакратар і дакладвае яму, – патлумачыў Казачнік.
Дзяцел перастаў тукаць, Дуб крактануў сваёй верхавінай, бытта ачнуўся ад дрымоты. Усе пачулі яго хрыплаваты голас:
– Слаўныя славяне, я вартую гэту дубраву ўжо тысячу гадоў…
Толік і Алеся перазірнуліся: хіба можа такое быць?
Дуб зразумеў іх і сказаў:
– Мой бацька тут стаяў… Дзед стаяў… На маёй кары напісана наша біяграфія…
Усе пачалі ўзірацца ў дубовую кару. Яна грубая і парэпаная, як маршчыны на тварах векавых людзей. Месцамі з-пад кары адкрываліся засохлыя раны. Там-сям купкамі рос срабрысты мох. Некаторыя галіны абламаныя. І замест іх на ствале ўтварыліся чорныя шрамы. На ўсім гэтым нешта напісана? Як жа разгадаць тайну?
Дуб-дзед паспачуваў вандроўнікам і яшчэ раз пракрактаў на ўвесь лес, даваў каманду некаму нябачнаму:
– Гэй, Данаша і Барысфен, правядзіце нашых гасцей у старажытнае паселішча.
З зялёнага гушчару, як бы вынырнулі з вады, з’явіліся хлопчык і дзяўчынка. Па ўзросту такія ж, як Толік і Алеся, але крыху дзіўнаватыя. Твары загарэлыя, колеру спелых жалудоў. На галовах – кароны з лісцяў клёна і дуба. На шыі ў дзяўчынкі віселі каралі з чырвоных рабінавых ягад. А шыю хлопчыка ўпрыгожвалі доўгія стужкі дзеразы. З адзення на іх – толькі трусікі з шырокіх галін папаратніку. У руках яны трымалі доўгія кіі з вострымі жалезнымі наканечнікамі.
Незнаёмцы прадставіліся:
– Я – Данаша. Па-вашаму, Даша. Я – з давашай эры.
– А я – Барысфен. Па-вашаму, Барыс. Барысфенам даўней называлі вось гэту раку.
Хлопчык паказаў рукой у бок дубоў, якія быццам стаялі на варце. І толькі цяпер усе заўважылі непадалёк раку Дняпро. Яе хвалі пераліваліся на сонцы, недзе там, унізе. Алеся і Толік адчулі, што стаяць на высокай кручы. Яна абнесена зялёным валам, падобным да конскай падковы.
– Гэта наша Гарадзішча, – з гонарам сказала Данаша. – Тут жыло племя мілаградцаў дзве з паловай тысячы гадоў назад.
– Адкуль ведаеш? – вырвалася запытанка ў Толіка.
– Я сама тады жыла.
– Табе што, болей гадоў, чым дубу? – здзівілася Алеся.
– Не, я пражыла мала гадоў, – уздыхнула Данаша, – нам тады цяжка жылося…
– Стары дуб ведае чары, – патлумачыў Барысфен, – і часам ажыўляе нас, каб мы расказвалі пра сваё Гарадзішча.
Усе прайшлі ўсярэдзіну “падковы”, прыселі на травяным пагорачку. Дзіўныя экскурсаводы паведалі тайну вякоў.
– Во, на гэтым высокім беразе Дняпра мы змайстравалі свае хаткі. Абкапалі іх высокім земляным валам. Во, бачны яго рэшткі. Так атрымалася Гарадзішча, дзе мы жылі. Здабылі агонь. Ён гарэў у земляной яме і дзень, і ноч. Мы не давалі яму згаснуць. Агонь саграваў нас. Агонь ратаваў ад звяроў і насякомых. На агні абпальвалі розныя гліняныя вырабы. Агонь дапамагаў выплавіць з балотнай руды жалеза…
– Нашы бацькі прыручылі дзікіх коней. Навучыліся абрабляць зямлю і вырошчваць на ёй зярняты. Мы рукамі лавілі рыбу. Хадзілі ўсім племенем упалёўваць ласёў, кабаноў. Пчолы нам насілі мёд, а лясныя і балотныя птушкі неслі яйкі…
– А ці былі ў вас якія-небудзь цацкі? – спытала Алеся.
Данаша і Барысфен сказалі, што яны мала мелі часу на гулі. Трэба было дапамагаць дарослым здабыць ежу, адзенне, падтрымліваць агонь, няньчыць немаўлят.
– Аднойчы гліналёпы вырабілі для нас конікаў, – прыгадаў Барысфен. – Яны вельмі ж нагадвалі нашых прыручаных коней. Мы пачапілі іх на тонкія галінкі лазняку і насілі на шыі, як абярэгі.
Тут азваўся Казачнік:
– Мы паедзем у мясцовы краязнаўчы музей. Там ёсць усе знаходкі археолагаў, якія праводзілі тут раскопкі.
Данаша здзівілася:
– Можа, яны знайшлі мае срэбраныя завушніцы? Тата некалі выменяў іх за пчаліны воск у гандляроў, якія плылі па Барысфену.
– Так, у музеі ёсць такія завушніцы, – пацвердзіў Казачнік.
Данаша сонечна ўсміхнулася. Барысфен радаваўся за сваю сяброўку. Але ў гэты час усе пачулі крэкт Дуба-дзеда:
– Спатканне заканчваецца. Сонца садзіцца. Вам трэба вярнуцца ў сваё племя.
Данаша і Барысфен ласкава памахалі рукамі. Праз шырокія галіны дубоў прабіліся промні сонца. Па іх, як бы па касмічнай дарозе, узняліся ўвысь дзеці з данашай эры.
Толік і Алеся, узрушаныя, ухапіліся за рукі. Яны ніколі не думалі, што каля звычайнай вёскі Мілаград можа захоўвацца такое дзіва.
Уладзімір ЛІПСКІ