Незабыўныя сустрэчы
Рэдакцыя часопіса “Вясёлка” вельмі плённа правяла майскія дні. Паўдзельнічала ў IX Віткаўскіх чытаннях, якія традыцыйна прайшлі на радзіме Васіля Віткі, на Случчыне. На памяць у аматараў дзіцячай літаратуры засталіся падарункі ад любімага часопіса.
Да 105-годдзя з дня нараджэння заснавальніка “Вясёлкі” ладзіўся і літаратурны калейдаскоп, які паспяхова адбыўся ў мінскай дзіцячай бібліятэцы №6. Галоўны рэдактар “Вясёлкі” Уладзімір Ліпскі падзяліўся цікавымі ўспамінамі пра першага рэдактара часопіса Васіля Вітку.
Выдатным настроем напоўнілася і XX міжнародная спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі”. На ёй адбыліся дзве прэзентацыі: на галоўнай і дзіцячай сцэнах – паказ дызайнерскага адзення тэатральнай подыум-школы “Зоркі “Вясёлкі”, а таксама “Вясёлкі” і “Бусі”.
У скверы імя Янкі Купалы прайшоў творчы праект “Чытаем па-беларуску з Velcom” з удзелам вядомых пісьменнікаў Уладзіміра Ліпскага, Раісы Баравіковай, Алены Масла, Таццяны Сівец. З іх вуснаў дзеці маглі пачуць творы Івана Мележа, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы…
Наш партнёр, Беларусбанк, разам з якім мы распрацоўваем творчы праект “Школка Грошыка”, прэзентаваў новы накірунак працы з разліковай сістэмай Белкарт – “kartochki.by”. Запрошаныя на камп’ютары стваралі свой дызайн разліковых картак.
Дар’я Лёсава