Пра ката Бусю
Казка
Жыў Буся – кот у бабы Светы,
Любіў каўбаску і катлеты,
І рыбку свежую любіў,
Хаця ніколі не лавіў…
Ды наша бабуля, па праўдзе сказаць,
Не думала гэтым яго частаваць.
У пачках купляла корм брыдкі сухі,
І грошай не шкода, хоць корм дарагі.
А Буся (дзе дзецца?) патрошачкі еў,
Ды хціва на мышак і птушак глядзеў.
Адважыўся неяк і спрытна злавіў,
І тут жа падумаў: ці добра зрабіў?
Дазволу лавіць ад бабулі не меў,
Да ложка ён мышку прынёс, сам не з’еў:
– Устань, гаспадыня! Чаму позна спіш?
Табе на сняданак прынёс Буся мыш!
Свяжуткая, тлустая, з доўгім хвастом.
Не будзеш галоднай ты з Бусяй-катом.
Бяры, баба, мышку, усё зразумей.
Няма ў мяне мовы, як ёсць у людзей.
Але, тым не меней, умею чытаць
І «Бусю»-часопіс люблю разглядаць.
Я лапкай старонкі яго варушу,
На вокладку з пільнай увагай гляджу.
Часопіс для дзетак цікавы й катам.
Найлепшую мыш за яго я аддам!
Аляксандра ГРЫЦКЕВІЧ