Наша хата
Вершы Дар’і ЛЁСАВАЙ
Хата
Маё сонца – наша хата.
Пра яе спяваць я рада.
Тут святла заўжды багата
Для мяне, матулі, брата.
Плот
Каля хаты – шчыльны плот.
Сцеражэ ён агарод.
Тут гурочкі, памідоры,
Што зямля нам дорыць.
Весніцы
Як вясёлка – весніцы,
На іх коцік песціцца.
Гэта мой мастак-дзядуля
Двор аздобіў, каб не дзьмула.
Вокны
Мае вокны – як жар-птушкі,
Так палаюць у іх ружы!
Ружы ўсюды – пад акном,
З падваконняў, дзе жывём.
Аканіцы
Аканіцы – ім дзівіцца!
Радасці тут колер!
Тут валошкі й медуніца,
Тут і луг, і поле!
Ганак
А які адметны ганак!
Я на ім страчаю ранак.
Сонца шле сваё святло,
Каб усё вакол цвіло!
Дзверы
Дзверы ў хату – дзіва-песня!
Татка іх размаляваў
Фарбай роднага Палесся,
Зёлак пышных траў.
Начоўкі
А начоўкі-выразанкі!
З дрэва, што – усіх цяплей!
Колькі музыкі тут яркай!
Чуецца яна й цяпер.
Абраз і ручнік
Грэе хатачку Абраз.
Ён на покуці якраз.
Бог – як Сонца. Бог – як Шчасце,
Абаронца ад напасцяў!
А ручнік на тым Абразе!
Бы зямелька ўся адразу
Зацвіла шчасліва краскамі
Невыказнымі.
Печ
А напаленая печ
Як прыцягвае зімою!
Яна дзетак будзе грэць
Сваёй цёплаю душою!
Палавік
Сярод хаты – палавік.
Ён цвіце, як красавік,
Першымі пралескамі
І матулі песнямі.
Стол
Стол у нас заўжды багаты,
Пахне хлебам ён і мятай.
Пахне ён на кухні полем,
Цёплым сырадоем.
Падушкі
А на ложках – цар-падушкі!
Пра іх квет не расказаць.
Тут і луг, і поле, й птушкі,
Тут і жыта, й сенажаць.
Вышывала іх матуля,
Каб зямлю сваю адчула!
Комін
Твор мастацтва – комін.
Беленькі, вядома.
Як дымок віецца, –
Сэрца хаты б’ецца!
Вось таму і я, ваш Буся,
Тут сяліцца не баюся.
Палюбіў я вашу хату,
Бо жыве ў ёй свята!