Сямейнае свята
Казка
Антонік прыдумаў гульню. Ён – конік-понік. Тата – слонік. А мама – аленяня.
Понік жыве на лужку. Скубе траўку.
Слонік жыве ў джунглях, у дрымучым лесе. Любіць апельсіны.
Аленяня жыве ў пушчы, у густым лесе. Корміцца зялёнымі лісцікамі.
От аднойчы конік-понік запрасіў у госці сваіх сяброў. Наскуб для іх тысячу травінак і сказаў:
– Ты, слонік, хрумстай палову травінак. І ты, аленяня, – палову.
Слонік працягнуў хобат да лугавой траўкі, але яго супыніла аленяня:
– Чакай, ты з’ясі палову травінак, і я палову. А што застанецца коніку-поніку?
– Праўда, што будзе есці наш сябар? – задумаўся слонік, натапырыў свае вялікія вушы.
Так яны разам думалі цэлую хвіліну. На дубе вісеў гадзіннік. Адтуль раптам выскачыла зязюля:
– Ку-ку!
Сябры як бы ачнуліся ад роздуму. Аленяня сказала:
– Мілы понік, я табе прынесла мех зялёных лісцікаў. Частуйся!
Слонік аж падскочыў ад радасці:
– А мой гасцінец – кош апельсінаў!
Пачалося вясёлае гасцяванне. Слонік і аленяня апетытна елі тысячу травінак. А конік-понік ласаваўся зялёнымі лісцікамі з пушчы і апельсінамі з джунгляў.
Пасля яны бегалі наперагонкі па конікавым лужку. Куляліся. Спявалі. На ўсё наваколле чуліся іх песні.
Конік-понік іржаў:
– І-і-і-га-га!.. І-і-і-га-га!..
Слонік падняў угору хобат і як бы дудзеў на трубе:
– Гу-гу-гу!.. Гу-гу-гу!..
Аленяня тоненька выводзіла сваю мелодыю:
– І-і-і-гі-гі!.. І-і-і-гі-гі!..
Усе, хто быў тады на лужку: каровы, козы, авечкі, пчолы, стракозы матылькі, жучкі, – збегліся, зляцеліся на свята.
Вось як бывае весела, калі збіраюцца разам сапраўдныя сябры!
Уладзімір ЛІПСКІ