Казуха Ілгуха
арфаграфiя i пунктуацыя перакладчыка захавана
За гарамі, за лясамі вандравала дзяўчынка. Зязюлькай яе звалі. Адна адзінюсенькаю была на свеце. Ні бацькі, ні маці не мела, ані брата, ані сястры.
Было ёй дзесяць год і мела яна толькі выцвілую ваўняную сукенку – вельнячак.
Вандравала яна шырокім гасцінцам, а на вузкай дарожцы – працы прыслугай шукала.
Гэтак дайшла яна да вёсцы і пастукалася ў першую хату.
Фут-фірут … адамкнуліся старыя дзверы абабітыя калкамі. І на парог выйшла гаспадыня.
Павітала Зязюлька гаспадыню і пра працу пытае.
– У самы час ты прыйшла, дзяўчынка. Як раз шукаю пастушку для маёй казы, якую я сабе ўчора на кірмашы купіла.
І Зязюлька ў гаспадыні засталася.
На наступную раніцу гаспадыня кажа:
– Гані, Зязюлька, казу на пашу. За той плацінкай будзе луг. Пасі там казу да вечара.
Пагнала Зязюлька казу. І пасе яе, пасе, дзе трава найбуйнейшая, сакавітая, дзе зёлкі наймілей пахнуць. І яшчэ ёй над ровам канюшыну зрывае.
Папасла яе, папасла, у крынічкі напаіла, дадому гоніць.
Выходзіць да парога гаспадыня.
– Ты наелася, козачка?
Казуха-Ілгуха на тое:
– Нічога не ела, гаспадыня!
Як я бегла праз масточак,
З’ела я адзін лісточак.
Як я бегла праз плацінку,
Выпіла ўсяго расінку.
– Але ж ты тоўстая, як бочка, – кажа гаспадыня.
А Казуха-Ілгуха на гэта:
– Гэта адзін бачок
апух ад таго што не ела,
А другі бачок
Апух, ад таго што не піла.
Ні на грошык няма ва мне жыцця.
Жорстка раззлавалася гаспадыня на Зязюльку, вячэры ёй не дала.
– Паспрабуй, як гэта добра быць галодным!
На другі дзень зноў Зязюлька пагнала казу на луг.
Ізноў пасвіць яе добра, пасвіць да вечара. А потым у крынічкі яе поіць, дадому прыганяе.
Выходзіць да парога гаспадыня, бярэ козку за бакі і пытаецца:
– Наелася, козка?
Казуха-Ілгуха на гэта:
– Нічога не ела, гаспадыня!
Як я бегла праз масточак,
З’ела я адзін лісточак.
Як я бегла праз плацінку,
Выпіла ўсяго расінку.
– Але ж ты тоўстая, як бочка, – кажа гаспадыня.
А Казуха-Ілгуха на гэта:
– Гэта адзін бачок
апух ад таго што не ела,
А другі бачок
Апух, ад таго што не піла.
Ні на грошык няма ва мне жыцця.
Раззлавалася жорстка гаспадыня на Зязюльку. Выгнала яе з хаты.
– Ідзі на чатыры вятры! Такой пастушкі мне не трэба!
Прыходзіць да гаспадыні сабачка Шумок.
– Гаў, гаў! Дзе Зязюлька?
– Я выгнала яе.
– Благое зрабілі, гаспадыня.
Прыходзіць каток Вусацік.
– Мяў, мяў! Дзе Зязюлька?
– Я выгнала яе.
– Благое зрабілі, гаспадыня.
– Як жа блага, калі маю козку марыла голадам!
– Гаў, гаў! Мяў, мяў! Не вядома, ці то праўда.
Задумалася гаспадыня.
– А ну, я сама пераканаюся.
На трэці дзень гаспадыня сама казу выганяе. Але, каб тая не пазнала – кароткі вельнячак апранае, хустку дзяўчынкі на галаву завязвае. Пад Зязюльку прыбіраецца.
Пасвіць казу, пасвіць, дзе трава найбуйнейшая, дзе зёлкі найдухмяныя. І яшчэ лісце з гаю ёй носіць, і яшчэ канюшыну над ровам ёй зрывае.
А прыганяла травінкай ад іржы ў поле.
Прыгнала казу дадому і да хаты імкліва бяжыць, доўгі вельнячак апранула, каптур на галаву нацягнула і да сенцаў выходзіць.
– Наелася, козка?
А Казуха-Ілгуха на гэта:
– Нічога не ела, гаспадыня!
Як я бегла праз масточак,
З’ела я адзін лісточак.
Як я бегла праз плацінку,
Выпіла ўсяго расінку.
І яшчэ да гэтага
Пастушка не пашкадавала
Кія дубовага.
Пабіла мяне ганебна,
Што ледзьве жывая …
– Ах ты гэтакая ілгуха! – лямантуе гаспадыня. – Я пасвіла цябе цэлы дзень, і ты кажаш, што ты галодная! Травінкай цябе прыганяла, а ты кажаш, што кіем пабіта! Галаву цябе адсяку!
Спалохаўшыся каза сарвалася з вяроўкі і паскокам да лесу! да лесу! …
Уцякла.
Ідзе каза па лесе, па лесе і думае:
“Трэба б сабе нейкае жыллё здабыць”.
Натрапіла на халупу ліса. Стала на парозе, капытком пастукала і пагрозлівым голасам ускрыкнула:
– Я каза не забітая!
Маю жалезныя рогі,
жалезныя капыты!
Рагамі цябе закалю,
Хвастом цябе вымету
У чыстае поле!
Уцякай, пакуль жывы!
Спалохаўся ліс і збег. А каза пасялілася ў лісінай хатцы.
Ідзе ліс лесам, ідзе і разважае:
«Куды мне цяпер падзецца? Урэшце, гэта была мая хатка! Пайду я да ваўка, папрашу яго, няхай гэтага звера з маёй хаткі выганіць».
Ідзе, ідзе… сустракае ваўка.
– Ваўчок, ваўчок, шэры браце, дапамажы мне. Меў я хатку для сябе, для жонкі, для дзетак. Прыйшоў нейкі люты звер і выгнаў мяне. Няма мне куды падзецца. Выгані, ваўчок, шэры браце, таго звера.
– А ну, добра, – кажа воўк. – Вядзі мяне да сваёй хаты.
Прыйшлі. Воўк пастукаў лапай у дзверы і крычыць:
– Гэй, гэй! Хто там залез, выходзь зараз жа, бо гэта лісіная хатка!
А каза пагрозлівым голасам ускрыкнула:
– Я каза не забітая!
Маю жалезныя рогі,
жалезныя капыты!
Рагамі цябе закалю,
Хвастом цябе вымету
У чыстае поле!
Уцякай, пакуль жывы!
Спужаўся воўк і ўцёк.
Ідзе зноў ліс лесам, ідзе і разважае:
«Куды мне цяпер падзецца? Урэшце, гэта была мая хатка. Пайду я да мядзведзя, няхай мне гэтага звера з хаткі выганіць».
Ідзе ён, ідзе, сустрэў мядзведзя.
– Мішка, мішка, моцны браце, дапамажы мне. Меў я хатку для сябе, для жонкі, для дзетак. Прыйшоў нейкі люты звер і выгнаў мяне. Няма мне куды падзецца. Моцны браце, выгані таго звера.
– А ну, добра, – кажа мядзведзь. – Вядзі мяне да сваёй хаты.
Прыйшлі. Мядзведзь пастукаў лапай у дзверы і крычыць:
– Гэй, гэй! Хто там увайшоў, вылазь зараз жа, бо гэта лісіная хатка!
А каза пагрозлівым голасам ускрыкнула:
– Я каза не забітая!
Маю жалезныя рогі,
жалезныя капыты!
Рагамі цябе закалю,
Хвастом цябе вымету
У чыстае поле!
Уцякай, пакуль жывы!
Спужаўся мядзведзь і ўцёк.
Ідзе зноў ліс лесам і разважае:
«Куды мне цяпер падзецца? У рэшце гэта была мая хатка! Пайду я да вожыка, папрашу яго, няхай мне гэтага звера з маёй хаткі выганіць».
Ідзе ён, ідзе, сустрэў вожыка.
– Вожык, вожык, малы браце, дапамажы мне. Меў я хатку для сябе, для жонкі, для дзетак. Прыйшоў нейкі люты звер і выгнаў мяне. Няма мне куды падзецца. Вагані, малы браце, таго звера.
– А ну, добра, – кажа вожык. – Вядзі мяне да сваёй хаты.
Прыйшлі. Вожык пастукаў лапкай у дзверы і крычыць:
– Гэй, гэй! Хто там улез, выходзь зараз жа, бо гэта лісіная хатка!
А каза пагрозлівым голасам ускрыкнула:
– Я каза не забітая!
Маю жалезныя рогі,
жалезныя капыты!
Рагамі цябе закалю,
Хвастом цябе вымету
У чыстае поле!
Уцякай, пакуль жывы!
Але вожык не спужаўся, толькі строгім голас крыкнуў:
– А я вожык, бок калючы,
Сам магу зрабіць балюча!
Як іголкамі ўкалю,
То цябе я правучу!
Забраўся вожык на дах, згарнуўся ў клубок і праз дымнік шусь! прама на хрыбет казы. Каза страшна закрычала, рагамі дзверы знесла і ўцякла далёка.
Ідзе Зязюлька пустым гасцінцам і плача. Ночка блізка, а яна не ведае, куды падзецца. Галодная, жменьку ягад толькі па дарозе паела. Стомленая…
Убачыла стог сена на лузе.
«У гэтым стозе пасплю, – разважае. – Можа заўтра да якой вёсцы дайду».
Зрабіла ямку ў стозе сена. Ўжо засынае, і раптам чуе, ідзе хтосьці гасцінцам і гучна рыдае:
– Вох, я козачка нешчаслівая!
Ледзь жывая я, ды журлівая…
На спіне сваёй нашу вожыка,
У яго іголкі як ножыкі.
Кроў з бакоў сачыцца ды капае,
Вожык спіну балюча мне драпае.
Вох, я козачка нешчаслівая!
Ледзь жывая я, ды журлівая…
Выглядвае Зязюлька на дарогу.
Гэта ж Казуха-Ілгуха! Вожык на яе спіне матляецца, калючкамі коле! У поўсці казы заблытаўся, выблытацца не можа!
– А падыдзі сюды, козка, я табе дапамагу!
І выблытала Зязюлька вожыка з казінай поўсці.
У стозе абедзве паспалі, а калі сонца ўзышло, назад да гаспадыні адправіліся.
Падышлі яны да дзвярэй калкамі абабітай. Каза на парозе стала на калены, рагамі ў парог ударыла і пакорліва забляяла:
– Ах, я казуха
Была я ілгуха.
Добра ела,
добра піла
і нідзе біта не была.
Даруйце мне, гаспадыня!
Выйшла гаспадыня за парог, убачыла казу, убачыла Зязюльку і вельмі ўзрадавалася.
Тут жа казу ў загоне замкнула і сена ёй у сені дала. Хутка стол белым абрусам накрыла, збан з квітнеючай галінай ліпы на ім паставіла, хлеба нарэзала, малака з мёдам у кубкі наліла.
– А падыдзі сюды, Зязюлька! Даруй мне маю віну! І як знак таго, што ты не гневаешся, пераламі са мною хлеб.
Па гэты дзень за гарамі, за лясамі жывуць шчасліва гаспадыня, Зязюлька і каза.
Цяпер, калі каза ўжо не хлусіць, трэба яе неяк іначай назваць.
Але як?
Можа менавіта вы знойдзеце для яе добрае імя?
Яніна Паразіньска
Пераклад – Алег Грушэцкі