Залатыя апосталы Радзівілаў
Скарбы Нясвіжскага замка
За цікавымі размовамі праляцеў першы дзень нашых герояў на зямлі старадаўняга роду магутных магнатаў Радзівілаў. Пра іх багацце хадзілі легенды.
Раніцай у дзверы пазваніў наш знаёмы Сяргей Уладзіміравіч. Ён быў не адзін.
– Добры дзень у хату! – ветліва вымавіў госць. – Хачу вас пазнаёміць: мой сын Тарас, цікаўны хлопчык. Прапануем пагуляць па Нясвіжскім парку.
– Цудоўная ідэя! – з радасцю пагадзілася мама Янкі.
У Янкавага бацькі таксама заблішчэлі вочы, ён гарэзліва ўсміхнуўся і, прыгадаўшы дзяцінства, вымавіў:
– Значыць, збіраемся на пошукі скарба!
Янка, гатовы да прыгод, радасна падскочыў, бо адчуў, што новае знаёмства абяцае цудоўныя гісторыі.
Аказваецца, нават дакладна вядома, што ў Нясвіжы і дагэтуль ляжаць скарбы, якія яшчэ не знайшлі. Стары Нясвіж з яго паркамі, насыпнымі бастыёнамі, магутным замкам-палацам, барочнымі касцёламі з’яўляецца сапраўдным скарбам Беларусі. Раней яго называлі паўночным Парыжам. А ўсё дзякуючы таму, што на працягу не адной сотні гадоў горад быў рэзідэнцыяй княскага роду Радзівілаў. Іх слава ў Еўропе расла год ад года дзякуючы багаццю, воінскай адвазе, славе і палітычным талентам гаспадароў. У XVI стагоддзі нямецкі імператар Карл V надаў магнацкаму роду тытул графаў Святой Рымскай Імперыі. Гэта падзея – яшчэ адно пацвярджэнне павагі, якой карысталіся Радзівілы за мяжой. У Нясвіжы сканцэнтраваліся велізарныя матэрыяльныя і духоўныя скарбы. І тут, магчыма, сярод падземных скляпенняў замка, прыхаваны скарб Радзівілаў. Тут жа захоўваўся амаль увесь дзяржаўны архіў ВКЛ, напісаны на беларускай мове. Мноства айчынных і замежных хронік, узоры старажытнай каштоўнай зброі з Еўропы, Азіі, Афрыкі, тоны вырабаў з золата і срэбра – усё гэта можна знайсці ў пакоях Нясвіжскага замка.
– Тата, а што будзем шукаць? – пацікавіўся Янка.
– Вядома што – скарб! Самую вялікую колькасць скарбаў знаходзяць не ў той мясцовасці, дзе іх добра шукаюць, а ў той, дзе іх часта хаваюць, дакладней, хавалі на працягу стагоддзяў. І Беларусь па колькасці скарбаў традыцыйна аказваецца наперадзе Еўропы. Чаму? Ды таму, што вялікіх і малых войнаў на нашай тэрыторыі было столькі, што і падлічыць цяжка. Але ёсць усе падставы меркаваць, што да пэўнага часу таемныя скарбы “спяць” у беларускай зямлі, закалыханыя шэптам дрэў. Скарбы гэтыя інакш як легендарнымі не назавеш. У скарбах мінуўшчыны можна расшыфраваць мноства новых старонак нашай гісторыі.
– Выходзіць, скарбы хаваюцца ад тых, хто да іх імкнецца так ўпарта, нават узнікае пытанне: “А ці існуюць яны на самой справе?!” – зазначыла мама Янкі.
– Напрыклад, залатыя апосталы – дванаццаць скульптур у рост чалавека, адлітыя з золата і срэбра. Яны былі часткай легендарнай скарбніцы магнатаў, якая папаўнялася на працягу стагоддзяў і налічвала 60 пудоў каштоўнасцей. Дакладных звестак аб іх паходжанні няма, але прынята лічыць, што згаданую калекцыю прывезлі з Канстанцінопаля ў пачатку сямнаццатага стагоддзя. Радзівілы былі ў сяброўскіх і сваяцкіх адносінах з паловай Еўропы, не раз атрымлівалі казачныя падарункі, а таксама “плату” за дапамогу ад знакамітых родаў. Былі ў іх скарбніцы і прэзенты ад Папы Рымскага. Мноства каштоўных рэчаў патрапілі ў Нясвіж ад польскіх каралёў. – распавёў навуковец Сяргей Уладзіміравіч.
– Ну, мы ведаем, што цікавостак у іх было шмат, але чаму мы будзем шукаць залатых апосталаў? І хто гэтыя апосталы? – пацікавіўся Тарас.
– Згодна з хрысціянскім вучэннем, у Ісуса Хрыста было дванаццаць вучняў-паплечнікаў, якія, як і Ён, распавядалі Евангелле, – адказала на пытанне Тараса мама Янкі.
– Так, сярод усяго радзівілаўскага багацця было такое, на фоне чаго бляклі астатнія нясвіжскія каштоўнасці: 12 залатых фігур апосталаў. Кажуць, што апосталы былі адлітыя з золата і срэбра ў чалавечы рост. Існаванне іх не выклікае сумненняў, іх бачылі многія сучаснікі. Ні адзін з Радзівілаў не прадаваў і не закладваў апосталаў, бо лічылася, што яны з’яўляюцца абярэгам. Яны быццам забяспечвалі багацце роду, славу на вайне і ў мірным жыцці. Сцвярджалі, што залатыя апосталы кожную ноч лічаць княжацкія грошы за круглым сталом. Але на пачатку дзевятнаццатага стагоддзя 12 апосталаў таямнічым чынам зніклі. З гэтым і звязана адна заблытаная, але цікавая гісторыя. – Адчуўшы зацікаўленасць сяброў, Сяргей Уладзіміравіч працягнуў: – Кажуць, апосталаў, першапачаткова выстаўленых у Блакітнай зале замка, неаднаразова спрабавалі выкрасці. Тады было прынята рашэнне зрабіць васковыя копіі скульптур, а арыгіналы схаваць. Магчыма, яшчэ ў тыя часы гэты факт і паслужыў сумневам: ці існавалі апосталы з каштоўных металаў на самой справе? Захоўваліся скульптуры ў таемным “скарбцы” (сховішчы), што размяшчаўся ў замкавым падзямеллі. Шлях у гэта сховішча ведаў толькі князь і яго давераны слуга, часцей за ўсё эканом. Дэманстравалі Радзівілы свае багацці толькі самым высокім гасцям. Захаваўся ліст пасла Расіі ў Рэчы Паспалітай Рапніна да імператрыцы Кацярыны II. У ім ён пісаў: “Дванаццаць вялікіх залаў палаца ўпрыгожвалі каралеўская мэбля, рэдкія персідскія дываны, карціны знакамітых мастакоў, цудоўныя калекцыі крышталя, зброі, манет і медалёў. У замку ёсць бібліятэка з дваццаці тысяч тамоў і архіў Вялікага Княства Літоўскага. Пасля бліскучага абеду на 300 асоб мы спусціліся ў падзямелле замка і ўбачылі залатыя зліткі, выкладзеныя да самай столі. Золата было на сотні пудоў, мноства залатых упрыгожванняў ды асаблівы гонар Радзівілаў – фігуры дванаццаці апосталаў. Яны адлітыя з золата і срэбра ў рост чалавека, прывезеныя з Канстанцінопаля, усыпаныя каштоўнымі камянямі…”.
– Згодна, гэта ўсё вельмі цікава, але спачатку снядак, і толькі потым прыгоды! Сядайце ўсе за стол! – спыніла размову маці.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ