Фінансы ад А да Я. Лiтара Е
Школка Грошыка
Е. Еўра – гэта грошы Еўрапейскага саюза, які аб’ядноўвае амаль усе краіны Еўропы.
Адна з самых “маладых” валют, бо сам Еўрапейскі саюз стварыўся не так даўно. Вядома, што любыя грошы, у тым ліку і еўра, – гэта своеасаблівы тавар, які ацэньвае ўсе астатнія тавары і з’яўляецца сродкам абмену. А цяпер зірніце на карту Еўропы і пералічыце краіны гэтага кантынента. У якіх з іх еўра – асноўная валюта?
З. Зарплата – грашовая аплата працы. Колькасць заробленых грошай залежыць ад таго, якая ў работніка адукацыя, колькі гадоў ён працуе па сваёй прафесіі, як выконвае свае службовыя абавязкі, якую займае пасаду. Пацікаўцеся пра зарплату сваіх бацькоў. Як вы рыхтуеце сябе да дарослага жыцця, да самастойнай працы?
З. Золата – высакародны каштоўны метал, які трапляецца ў розных рудах зямлі. Вучоныя даказваюць, што ў нетрах Беларусі ёсць золата, але яно пакуль не здабываецца. Золата выконвае ролю грошай з далёкай мінуўшчыны. Па яго дзяржаўных запасах мяркуюць пра багацце той ці іншай краіны. Золата захоўваецца і прадаецца ў злітках, манетах. Выкарыстоўваецца ў прамысловасці, медыцыне, для вырабу ювелірных тавараў.
І. Інвестар – гэта чалавек ці арганізацыя, якія маюць капітал (багата грошай) і могуць укласці свае здабыткі ў прамысловасць, будаўніцтва дамоў, дарог, іншыя аб’екты для атрымання прыбытку. Бываюць інвестыцыі дзяржаўныя, прыватныя, унутраныя, замежныя.
І. Інкасатар – банкаўскі служачы, які на спецмашыне забяспечвае прывоз наяўных грошай у грошасховішча банка з магазінаў, пошты, кіёскаў і г.д. Інкасатары апрануты ў спецформу, маюць пры сабе зброю.
І. Інтэрнэт-банкінг – аказанне банкаўскіх паслуг праз інтэрнэт. Банкінг кліент можа аплаціць пэўныя плацяжы, атрымаць неабходную інфармацыю пра свой уклад, здзейсніць аперацыі па пераводу грашовых сродкаў з банкаўскай плацёжнай карткай.
Дамашнія заданні:
- Калі б вам трапілася на рыбалцы Залатая рыбка, якія б тры жаданні вы папрасілі, каб яна выканала для вас?
- Як патлумачыце такую фразу: “Укладваць грошы ў Дзяцей – і патрэбна, і выгадна, і карысна”?
- Як разумееце даўнейшыя прымаўкі: “Грошы лік любяць”; “Без нуды пражывеш, калі грошай нажывеш”.
Беларусбанк + “Вясёлка” = сумесны творчы праект па асвеце юных фінансістаў і банкіраў. Падарункі, прызы выдатнікаў вучобы чакаюць вас. Пішыце!