З намі заўсёды!
Крышку пра кніжку
Лёгка і светла пра яго пісаць. Бо аўтар Васіль Вітка ўсенародна любімы! Як дзецьмі, так і дарослымі. Чалавек-планета, населеная Дабрынёй, Любоўю, Спагадлівасцю, Чысцінёй, Мудрасцю. Ён як гаючая крыніца ў зялёных лугах з-пад Еўлічаў, на Случчыне.
Ён – з самай глыбіні беларускага народа. І яго слова свеціцца Беларушчынай, грэе нашы сэрцы, цепліць нашы душы. І той, хто гэта пазнае з маленства, навек застаецца адданым сваёй Радзіме, свайму народу.
З хваляваннем трымаю ў руках новае выданне твораў Васіля Віткі “Сонечны чараўнік” выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” з серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”. Творы знаёмыя, добра вядомыя, але з якім густам падабраныя! Цёплая прадмова заснавальніка серыі Уладзіміра Ліпскага знаёміць з цудам твораў беларускага класіка. Маленькі чытач з захапленнем адкрые дзівосны свет майстра слова, слыннага казачніка.
Вершы Васіля Віткі лёгка запамінаюцца, вучаць жыццю, справядлівасці, любові да ўсяго жывога. Усміхнешся, чытаючы “Дударыка”, “Бліны”, “Генерала Вераб’я”. А колькі пазнавальнага ў кожным творы! Адкрываеш таямнічы свет птушак, нашых лясоў і лугоў. З якой любоўю выпісаны мілыя “Пліска”, “Гіль”, “Стрыж”, “Шпак”, “Гарыхвостка”, “Шчыгол”, “Сарока”, “Сойка”!..
Чытайце, дзівіцеся святлу твораў нашага любімага казачніка!
Дар’я ЛЁСАВА