Гэта – поле. Тое – неба…
Пятница, 10.06.2016 07:00. Рубрика: Вершы
Гэта – поле. Тое – неба,
Ну, а луг мне – не пазнаць:
Паласатая, як зебра,
У пакосах сенажаць.
А на лузе, там, за рэчкай,
Не ўладарыла каса,
Недаспелаю парэчкай
Ярка свеціцца раса.
Перасохшае балота
У вянку сухіх кустоў
Для мяне, як пазалота,
Свеціць чырванню густой.
Гэта ўсё – мая крыніца,
Гэта тое, чым жыву.
І ляціць мая сініца
Нада мной у сіняву.
Анатоль СЕРБАНТОВІЧ