Вынаходніцтва штучнага чалавека
Музей дзяцінства
Гісторыя ўзнікнення механічных людзей і жывёл (далёкіх продкаў сучасных лялек з механізмамі) сягае з антычных часоў. Самымі вядомымі тады былі механічныя птушкі, якія сядзелі на галінках дрэваў альбо пілі ваду з фантанаў. Вынайшаў іх майстар Герон з Александрыі.
Гісторыя гадзіннікаў шчыльна звязаная з гісторыяй узнікнення механічных цацак. Да прыкладу, бронзавы вадзяны гадзіннік, выраблены ў 799-807 годзе, кожную гадзіну адбіваў ударам металічнага шара, апоўдні ж у гадзінніку адчыняліся вароты, з якіх выязджалі рыцары.
Яшчэ ў 1280 годзе манах-дамініканец сканструяваў у Кёльне першую мадэль чалавека ў натуральную велічыню з металу, дрэва, воску і скуры. Такія лялькі ў тыя часы ствараліся для студэнтаў-медыкаў, для хірургаў-практыкаў, бо на іх вывучалі будову чалавека і яго ўнутраных органаў.
У эпоху Адраджэння, калі запанавала вяртанне цікавасці да антычнага мастацтва, адрадзілася і цікавасць да механікі і механізмаў. Сярод іншых вынаходніцтваў славутага Леанарда да Вінчы быў аўтаматычны леў, які выйшаў вітаць караля Людовіка ХІІ падчас яго візіту ў Мілан.
Быў час, калі людзей апанавала ідэя стварэння штучнага чалавека. У 18 стагоддзі механічныя людзі і жывёлы ствараліся механікамі і майстрамі гадзіннікавай справы, якія, да таго ж, займаліся медыцынай і натуральнымі навукамі.
Самы вядомы стваральнік аўтаматаў – француз Жак дэ Вакансан (1709 – 1782). Яго знакаміты “Флейтыст” сапраўды граў на флейце дванаццаць мелодый з дапамогай струменя паветра, які вырываўся з грудзей, а вусны рухаліся, нібы ў жывога чалавека.
Зусім іншымі сталі аўтаматы 19 стагоддзя. Лялек ужо не вучылі дзейнічаць, як чалавек, а толькі імітавалі дзейнасць з дапамогай механізмаў, зладжаных усярэдзіне. Да прыкладу, механізм граў мелодыю, а лялька толькі разявала рот.
Лялька, якая ўмее прамаўляць “мама”, і сёння цешыць нас. А кароткае знаёмства з гісторыяй яе з’яўлення на свет адкрывае захапляльную старонку гісторыі развіцця мастацкай і тэхнічнай думкі чалавецтва.
Алена МАСЛА