Сямейнае чытанне
Некалі, дружа, ты прачытаеш і будзеш захоплены яго аповесцямі “Дзікае паляваннем караля Стаха”, “Сівая легенда”, раманамі “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”… Асаблівае месца ў творчасці пісьменніка займае эсэ “Зямля пад белымі крыламі”. Належаць згаданыя творы пяру Уладзіміра Караткевіча. Пасля сканчэння Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта пісьменнік настаўнічаў на Украіне і захацеў украінскім дзецям расказаць пра Беларусь. Большасць твораў Уладзіміра Караткевіча для дарослых, яны па-філасофску глыбокія, але ў тым, мабыць, іх і каштоўнасць.
А пакуль знаёмства з незабыўным светам Уладзіміра Караткевіча пачнем з казак. Не так даўно пабачыла свет кніга “Лебядзіны скіт”, у якой сабраны ўсе казкі пісьменніка: “Вясна ўвосень”, “Вужыная каралева”, “Чортаў скарб”, “Жабкі і Чарапаха”… Дарэчы, апошнюю з названых казак Уладзімір Караткевіч пісаў па замове “Вясёлкі”. А ў лісце ў рэдакцыю, які суправаджаў казку, пісьменнік прызнаваўся, што пісаць для дзяцей, ды яшчэ казку, аказалася ох як няпроста! Давялося пашчыраваць!
Будзеш чытаць творы Уладзіміра Караткевіча, дружа, – абавязкова адзначыш, колькі годнасці і мужнасці ў яго герояў, колькі любові да роднай зямлі і павагі да ўсяго свету. Магчыма, гэта адзін з самых важных урокаў, які пісьменнік хоча данесці праз свае творы: навучыцца любіць Радзіму!
А зараз – чарговае заданне.
На сайце “Вясёлкі” www.veselka.by прачытайце казкі Уладзіміра Караткевіча і намалюйце ілюстрацыі да іх. Самыя ўдалыя “Вясёлка” надрукуе.
Вася ВЯСЁЛКІН
Уладзімір Сямёнавіч КАРАТКЕВІЧ (26 лістапада 1930 – 25 ліпеня 1984) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.