Хлеб для “Опеля”
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік…”
Казачнік раптам спытаў:
– А ці ведаеце вы, мае харошыя, казку пра лёгкі хлеб?
Толік і Алеся на хвіліну задумаліся і тут жа адгадалі:
– Воўк аднойчы папрасіў у селяніна гатовенькага хлеба.
– Ага, а той пачаў тлумачыць ваўку, як здабыць хлеб. Трэба ўзараць поле, пабаранаваць, пасеяць…
– І кожным разам ваўчына смешна перапытваў: “Што, узарэш і ўжо можна есці?.. Пасееш і тады можна есці?..”
Пасмяяліся з ваўка-нязнайкі, Казачнік і кажа:
– А як здабываецца хлеб для нашага “Опеля-попеля”?
– Ха!.. – хмыкнуў Толік. – Падкатваеш да запраўкі, устаўляеш пісталет у бак – карміся, Опель!..
Алеся маўчала. Ёй, як Толіку, тата не давяраў руль. Яна ніколі не выходзіла з машыны, калі паварочвалі да заправачнай. А Толік аж вылузваўся, каб пахваліцца:
– Гэтых заправак бачыў я мільён. На кожным павароце стаяць. Прыходзь, падавай касірцы грошы. І залівай бензін…
Казачнік слухаў хвалька, мудра ўсміхаўся. Ён добра ведаў, што ўсе закаханыя любяць паказаць сябе найлепшым чынам. Дык во і Толік цяпер дэманстраваў перад Алесяй свае веды.
Казачнік тут жа склаў пра яго вясёлы вершык:
Ляцела варона,
Села на плот,
Толіку каркнула:
“Падай бутэрброд!..”
Дзеці зашумелі:
– Такога не бывае.
– Эйч, захацела гатовенькі сняданак.
Праляталі якраз над дзівосным палеткам.
– Глядзіце, якія вялізныя жоўтыя журавы нешта дзяўбуць з зямлі, – Казачнік захацеў, каб яго пасажыры зірнулі ўніз.
– Праўда, што за птушкі? – зацікавілася Алеся.
— І я такіх яшчэ не бачыў, – прызнаўся Толік.
– Тады прызямляемся, – прыняў рашэнне Казачнік.
Побач з жытнёвым палеткам, на памежжы з лазовымі кустамі, стаялі жалезныя птахі. У кожнай – дзве высокія нагі. Доўгія шыя, дзюба. Хвост кругам, як у паўліна. Журавы нястомна ківаліся, быццам знайшлі клад і выцягвалі яго з глыбокага тайніка.
Сам Казачнік узяўся патлумачыць гэта дзіва. А які казачнік не ўпрыгожыць свой аповед вясёлкавымі фарбамі, таямнічымі прыдумкамі!
– Дык вось, мае юныя сябры, жыў-пажываў у глыбозным падзямеллі цар чорнага золата Мурза Нафтаду. Яго ўладанні былі надзейна схаваны ад чалавечага вока. Па-першае, нічога ж не ўбачыш у цемры. А па-другое, царства Мурзы пад зямлёй, на глыбіні да пяці кіламетраў. Як дабрацца да яго багаццяў?..
Толік і Алеся ашаломлены:
– Ён што, жыве во тут, пад нашымі нагамі?
– А да яго можна датэлефанавацца?
– Можна! – сказаў Казачнік. – І ўжо адшукалі рэзідэнцыю Мурзы. Але толькі не па такім мабільніку, як у вас. Ёсць навука геалогія. Каб слугаваць ёй, трэба пяць гадоў вучыцца ва ўніверсітэце. А пасля ўсё жыццё заставацца верным ёй. Тады геолаг навучыцца бачыць усё пад зямлёй, зможа гаварыць з насельнікамі яе таямніцаў…
– Як жа яны адшукалі Нафтаду? – Толік з дзеда-усяведа зрабіўся чамучкай.
– Геолагі – чуйныя разведчыкі. Іх прыборы зашкалілі во на гэтым палетку, – Казачнік усё глыбей пранікаўся ў тайну прыроднай загадкі. – Мноства розных спецыялістаў выклікалі сюды. Паставілі вышку. І пачалі буравіць зямлю. Уяўляеце: бур прайшоў углыб пяць кіламетраў, а гэта пяць тысяч метраў. Калі за адзін метр узяць вашы два крокі, то вам спатрэбіцца прайсці па роўнай шашы колькі крокаў?
Першай рашыла задачу Алеся:
– Дзесяць тысяч крокаў!
– І гэта правільны адказ, – пахваліў Казачнік. – Калі будзе ў вас час, адмерайце па дарозе сваіх дзесяць тысяч крокаў, і вы ўявіце, на якую глыбіню зайшлі нафтаразведчыкі… А ў тым падзямеллі цар Мурза адразу ж адчуў нечаканых прышэльцаў. Пачаў заліваць у іх трубу сваю цёмна-бурую вадкасць. Думаў напалохаць нафтавікоў. А яны, калі з падземнай адтуліны хлынуў масляністы струмень, вельмі ўзрадаваліся. Пачалі вымазваць ім рукі, шчокі. Скакалі. Весяліліся. Віншаваліся…
– А чаму? – спытала Алеся.
– Вой, Алеська, яны ж адкрылі тое, што даўно шукалі, – нафту беларускую… Вялізнае, як Нарач, падземнае сховішча. І пачалі выкачваць гэта багацце наверх. Во гэтымі помпамі-журавамі, – Казачнік махнуў рукой у той бок, дзе стаялі наземныя качалкі.
– Як жа з нафты бензін зрабілі? – цяпер ужо Толік хацеў ведаць далейшы ход былі-казкі.
– О, Мурза доўга трымаў у тайне пераўтварэнне нафты ў бензін, – працягваў свой аповед Казачнік. – Але людзі заўсёды мацней любога нячысціка, цмока, самай пачварнай істоты. Яны прыдумалі і пабудавалі нафтаперапрацоўчы камбінат. Там адных трубаў мо тысячы кіламетраў. Сотні складаных апаратаў пераўтвараюць вадкія клады ў паліва, у хлеб для машын.
– Але ж хлеб у нашым гіпермагазіне самых розных гатункаў, – заўважыла Алеся.
– Хэ, дык і паліва з нафты атрымліваюць самых адмысловых сартоў. І для легкавых машын, і для самазвалаў. Для трактараў і для касмічных ракет…
Вандроўнікі стаялі задуменныя. Вунь жа які доўгі шлях бензіна да калонкі, дзе запраўляўся іхні “Опель-попель”. Нялёгка селяніну вырасціць хлеб. Вельмі ж складана атрымаць харч і для машыны. Як жа не ведаць гэтага!
Уладзімір ЛІПСКІ