Соніна градка
Соня любіць хадзіць з мамай у краму. Таму што мама заўсёды разам з прадуктамі да абеду купіць што-небудзь смачнае і для Соні.
Неяк мама купіла Соні кукурузныя палачкі. А на пачку вялікімі літарамі напісана: “Сюрпрыз”.
– Ой, сюрпрыз! – узрадавалася Соня. – Цікава, што там – маленькая лялька ці машынка?
Толькі выйшлі з крамы на ганак, дзяўчынка адразу ж адкрыла пачак. А там, сярод жоўтых кукурузных палачак, – маленькі белы папяровы пакецік. На пакеціку намалявана нейкая расліна, а ўнутры ляжаць некалькі дробненькіх чорненькіх зярнятак. Соня пералічыла – шэсць.
– Што гэта? – здзівілася Соня.
– Радыска, – прамовіла мама. – Насенне.
– А навошта яно?
– Ужо вясна, хутка паедзем на дачу. Там дзядуля зробіць табе градку. Ты пасееш гэта насенне, і з яго вырасце радыска.
І вось Соня на дачы. Добра тут, прыгожа, вальготна! Драўляная хата, пафарбаваная ў вясёлы жоўты колер і здаецца, што дача ўся залітая сонцам. А за хатай раскінуўся яблыневы сад.
Гэты сад дзядуля садзіў, калі на свеце не было не толькі Соні, але і Сонінай мамы. На агромністых яблынях з моцнымі галінамі, быццам вялікімі рукамі, ужо выпрасталіся маленькія зялёненькія лісцікі, і дрэвы стаяць прыбраныя і памаладзелыя. Хутка ўвесь сад расквітнее, будзе нагадваць вялікі прыгожы букет, і ў ім загудуць пчолы. А ўвосень усе галіны будуць увешаны вялікімі, прыгожымі, чырванабокімі яблыкамі. Пакуль што на адной самай тоўстай галіне вялікай яблыні вісяць толькі Соніны арэлі.
За садам – агарод. Ён ужо ўскапаны, і на ім зроблены роўныя, доўгія градкі. Бачна, што там бабуля ўжо штосьці пасеяла. І толькі адна градка яшчэ пустая. Яна зусім маленькая. І Соня здагадалася: “Гэта ж мая!”
Пасля абеду дзяўчынка разам з бабуляй пасадзілі радыску. Спачатку яны зрабілі ўздоўж маленькай градкі роўную баразёнку. Потым у баразёнку Соня паклала насенне і асцярожна зараўняла яе далонькамі. Потым акуратна разграбла зямлю граблямі і паліла вадой. Градка атрымалася вельмі прыгожая.
Цяпер у Соні быў клопат – кожную раніцу пасля сняданку, перш чым гушкацца на арэлях ці гуляць з лялькамі ў “дочкі-маці”, ці пабегчы да суседскіх дзяўчатак, яна ішла паглядзець на сваю градку. Ёй вельмі хацелася ўбачыць, як расце радыска. Дзяўчынка думала, што яна вырасце хутка. Але спачатку на градцы з’явіліся ледзь бачныя зялёныя травінкі. Яны былі зусім кволыя. І хоць Соня старанна палівала іх з маленькай палівачкі, якую дзядуля купіў ёй на кірмашы, радыска расла вельмі марудна.
Потым, калі наступіла лета і добра прыгрэла сонца, радыска ўсё ж такі стала расці. Яе чырвоныя бакі акругляліся і павялічваліся штодня. Соні вельмі хацелася яе вырваць і з’есці, але бабуля адгаворвала:
– Пачакай, вось прыедуць твае бацькі, тады і пачастуемся…
Нарэшце наступіў дзень, калі з горада павінны былі прыехаць тата і мама, і бабуля зранку пачала рыхтаваць святочны абед. Перш за ўсё яны з Соняй пайшлі да маленькай градкі, і дзяўчынка выцягнула за зялёныя “хвосцікі” ўсе шэсць радысак, а бабуля нашчыпала на сваіх градах кропу і зялёнай цыбулі, нарвала лістоў салаты. Яны памылі гародніну пад кранам, а потым нарэзалі яе ў прыгожую салатніцу. Бабуля пасаліла страву і заправіла смятанай.
– На, спрабуй сваю салату, – сказала яна ўнучцы.
Соня ўзяла паўлыжкі ў рот. Сма-а-ачна! Дзяўчынка зачэрпнула яшчэ адну лыжку…
А потым, калі прыехалі тата з мамай, бабуля запрасіла ўсіх абедаць. Яны сядзелі за сталом, накрытым у садзе, пад вялікай яблыняй. І хоць на стале было шмат розных смачных страў, усе елі Соніна блюда. Елі і хвалілі:
– Ну, Соня, ну, гаспадынька! Шасцю радыскамі ўсю сям’ю накарміла!
А Соня, радасная ад таго, што ў яе атрымалася такая смачная салата, гаварыла:
– У наступным годзе я зноў радыску пасаджу, і цыбулю, і кроп, і моркву, і капусту! Цэлы агарод!
Тамара БУНТА