Воўк і цацка
У заапарку вандроўным,
Стоячы з мамкай і таткам,
Хлопчык паказвае воўку
Глінянае ваўчанятка.
“Гэта твой брацік, – тлумачыць, –
Ты і не думай, што цацка”.
З прыдумкі сынавай маці
Цешыцца…
Цешыцца й бацька.
Толькі не воўк…
Вязень шэры
Радавацца не будзе.
Ён адвярнуўся ў вальеры:
Не замінайце мне, людзі!
Звер не пазнаў свайго брата.
І, пэўна, з такое няўдачы
Цацачны воўк у сапраўдным
Брата таксама не ўбачыў.
Стрэліся не па-сваяцку –
Ні шкадавання, ні суму…
Хлопчык сумеўся і цацку
Кінуў у маміну сумку.
Не, не заплача мой хлопчык,
Плакаць дарэмна і дрэнна;
Будзе ён думаць пра воўчы
Нораў цяжкі і нязменны.
Сцішацца тата і мама –
З’ява ж неспадзяваная!
Сцішыцца ў сумцы таксама
І ваўчанятка глінянае…
А хлопчык суцешыцца тою
Раптоўнаю навіною,
Што заапарк раніцою
Горад маленькі пакіне.
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК