Жаніх і нявеста
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Перад новай вандроўкай Толік падступіўся да Казачніка.
– Можна вам задаць філасофскае пытанне?
– Цікава, якое?
– Скажыце, як вы здагадваецеся, дзе жывуць казкі ды ўсе, хто іх стварае?
– О, мой цікаўны Толік, адкрыю для цябе і Алесі сакрэт. У маім “Опелі-попелі” ёсць спецыяльны навігатар. Калі ён пелянгуе патрэбную знаходку, то на экране ўспыхвае маланка і выяўляецца патрэбны аб’ект. Зразумелі?
– А можна мы з Толікам выберам казку? – прапанавала Алеся.
– Згода! – адказаў Казачнік, і яны пачалі набіраць вышыню.
Пад крыламі машыны “ШГК” зноў бачны зялёныя лясы. Падарожнікі ўжо не дзівіліся гэтаму. Ведалі, вандруюць па краіне лясоў, блакітных азёр і рэк, ураджайных палеткаў, садоў ды таямнічых туманоў.
Праз якую паўгадзіны Толік і Алеся абудзілі машыну радасным воклічам:
– О!.. На экране – маланка!.. Высвеціліся дуб і сасна!..
Усе зірнулі ўніз. Пад “Опелем-попелем” ляжала зялёная стужка лесу. Вырашылі тэрмінова прызямліцца.
І што за цуд прымагніціў вандроўнікаў?
Сярод бярозавага гаю, як бы ў варце беластволых дрэваў, бачны дуб і сасна. Толік і Алеся паніклі: ну і што тут такога?
Казачнік стаяў зачараваны. Ён зараней усё прадбачыў. Гатовы адкрыць таямніцу сваім сябрам.
– Глядзіце, дуб і сасна растуць з аднаго кораня. Яны – адна сям’я. Дуб – прадстаўнік мужчынскага роду. Сасна – жаночага. Яны ў вечным абдымку, перапляліся галінамі-рукамі…
– Яны – жаніх і нявеста, – ці то спытаў, ці то сцвердзіў Толік.
– А можа, жонка і муж? – азвалася Алеся.
Казачнік дастаў сваю чароўную дудачку. Белы дроцік ад яе падключыў да планшэціка “піэспі” і пачаў выводзіць мелодыі. Толік і Алеся не адразу зразумелі намер Казачніка, бо не ведалі нотнай музыкі. А на лясной паляне гучалі розныя мелодыі, самых розных часоў.
І раптам Казачнік прыпыніўся дудзець. Якую хвіліну пільна ўзіраўся на экран планшэціка ды радасна аб’явіў:
– Ведайце, імя сасны Зарына, а дуба – Янка. Хлопец і дзяўчынка жылі сто гадоў назад. Музыка падказала, як ўсё адбылося…
Толік і Алеся ашаломлены. Не падбяруць слоў для радасці. А Казачнік прадаўжаў здзіўляць.
– Увага! Зараз мы пачуем іх галасы.
– Няўжо гэта магчыма? – прамовіў Толік.
– Дрэвы хіба гавораць? – засумнявалася Алеся.
– У былінах усё магчыма – запэўніў Казачнік і дадаў: – Асабліва ў той, якая пра каханне.
Лёгкі ветрых ігрыва прашапацеў па шырокіх лісцях дуба, па густой, іглістай прычосцы сасны, і падарожнікі пачулі даўнейшую споведзь:
“Янка: – Мая мама слугавала ў пана. Мыла бялізну, посуд, паліла ў печах, палівала агарод. Часам і мяне брала ў памочнікі. Аднойчы я ўбачыў панскую дачку Зарыну. Яна зіхацела такой прыгажосцю, як зорка нябесная. І я зразумеў: сэрца маё апалена…
Зарына: – Янка, мой любы голуб, ведай, я ж таксама параніла сэрца, калі ўбачыла твой міленькі твар, твае блакітныя вочы. Я прасілася ў мамы пагуляць з табой, але мне адмовілі…
Янка: – Мы ўсё ж сустрэліся каля крынічкі, за жытнёвым палеткам. Разам папілі гаючай вады. І зразумелі, што жыць адзін без аднаго не зможам…
Зарына: – Каб нас разлучыць, мае бацькі выгналі тваю маму з маёнтка. Я рыдала, прасіла гэтага не рабіць. Але дарэмна…
Янка: – Мы ўсё-такі тайна сустрэліся. І аднойчы пасадзілі два кволыя дрэўцы – дубок і сасёнку. У адной ямачцы, якую рукамі выкапалі. Мы хацелі, як і дрэўцы, жыць адным коранем. Толькі разам…
Зарына: – Нашы душы і цяпер разам. У гэтых дрэвах…”
Жвавы ветрык зноў прашапацеў у верхавінах дуба і сасны. І стала ціха-ціха. Усе прыслухоўваліся да галасоў мінуўшчыны, хацелі яшчэ нешта пачуць.
Але ў гэты час да памятнага месца пад’ехала некалькі вясельных машын. Маладыя, іх дружкі абступілі карагодам Дуб і Сасну, заспявалі:
Зялёны дубочак,
Шырокі лісточак.
Куды вецер вее,
Туды голлі гнуцца…
Казачнік, Алеся, Толік, каб не шкодзіць вяселлю маладых, ціха селі ў сваю машыну, паехалі далей. Доўга маўчалі. Кожны думаў пра нешта сваё. А ўсе разам – пра незвычайны помнік прыроды. Колькі казачных легендаў схаваны ў дрэвах, камянях, рэчках, азёрах!
Уладзімір Ліпскі