Хто прыдумаў казку?
Калі вы чытаеце казку, ці звяртаеце ўвагу, хто яе напісаў? Канешне, у кожнага твора ёсць аўтар. Аднак у старажытнасці было зусім па-іншаму. Вялікія казачнікі проста перадавалі тое, што недзе пачулі. Так многія казкі створаны, дзякуючы людской памяці, мудрасці і фантазіі. Гэтыя казкі лічацца народнымі. Мы заўсёды верым у цуд, таму і персанажы казак прывабліваюць сваімі магічнымі здольнасцямі, уменнем ператварацца ў птушак і жывёл, стаць нябачнымі. Дарэчы, тое, што раней здавалася фантастычным, цяпер увасоблена ў рэальнасць. Дыван-самалёт, напрыклад, – правобраз сучаснага самалёта.
У свеце створана вялікая колькасць казак. Што ж рухае пісьменнікамі? Вядома, любоў да вас, маленькія чытачы, імкненне далучыць вас да скарбаў культуры, гісторыі, узбагаціць новымі ведамі.
Для вас пішуць казкі вядомыя беларускія пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Алена Масла, Анатоль Бутэвіч, Ніна Галіноўская, Анатоль Зэкаў і іншыя, творы якіх можна пачытаць на старонках часопісаў “Вясёлка” і “Буся”.
А цяпер заданне. Паспрабуй з дапамогай чароўных кубікаў-рубікаў з літарамі сабраць прозвішчы сусветна вядомых аўтараў казак.