Пане Каханку
Скарбы Нясвіжскага замка
Дзень і сонца збіраліся на спачын. Спякота змянялася прыемнай прахалодай. Нашы героі не адну гадзіну прагаварылі на гарышчы, час праляцеў незаўважна. Сяргей Уладзіміравіч пачаў збірацца дамоў. Але раптам Янка сярод пакрытых пылам кніг знайшоў альбом партрэтаў Радзівілаў. Безумоўна, яго вельмі зацікавіла знаходка.
– Ого, дык вось як выглядалі Радзівілы. А гэта хто? Па-не Ка-хан-ку, – па складах прачытаў хопчык, – смешны!
– Нічога сабе смешны! Караль Станіслаў Радзівіл быў адным з самых багатых і ўплывовых дваран. Нарадзіўся ў сям’і нясвіжскага гаспадара Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Маці яго таксама постаць легендарная – першая беларуская пісьменніца і драматург Францішка Уршуля Радзівіл. Караль – адзін з блізнятаў. Яго брат Януш памёр у шаснаццацігадовым узросце. Пане Каханку быў ўдальцом і гумарыстам, яго вельмі любіла і паважала тагачасная шляхта. Утрымліваў дзесяць тысяч чалавек рэгулярнага войска. Валодаў шаснаццаццю гарадамі і мноствам вёсак. Яго даход раўняўся штогадовым паступленням у казну Вялікага Княства Літоўскага. Галоўны маёнтак знаходзіўся, зразумела, у Нясвіжы, – патлумачыў Сяргей Уладзіміравіч.
Янка амаль неўпрыкмет усміхнуўся і парадаваўся, што змог знайсці новую цікавую тэму, якая так захапляе дарослых. А яму гэта давала магчымасць пачуць яшчэ адну гісторыю, наблізіцца да разумення і разгадкі таямніц Радзівілаў, даведацца пра цікавейшыя скарбы Нясвіжскага замка.
– А чаму яго так называлі – “Пане Каханку”?
– Тут усё проста. Любіў паўтараць: “Пане каханку”, што значыла “мой дарагі”. Да ўсіх менавіта так па-добраму і звяртаўся Караль Станіслаў Радзівіл. За гэта і атрымаў сваю мянушку «Пане Каханку», – патлумачыў бацька Янкі і пачаў апавядаць, што ведаў пра князя:
– Быў ён вельмі цікавым і неардынарным. Застаўся ў шматлікіх гісторыях і анекдотах. Першы міф пра Караля звязаны з яго нежаданнем вучыцца. Некаторыя сцвярджаюць, што да пятнаццаці гадоў будучы Віленскі ваявода не ўмеў чытаць. Навучыць яго грамаце змог толькі хітры і спрытны выхавальнік. Ведаючы, што падлетак цікавіцца паляваннем, ён пісаў літары на драўляных таблічках і прапаноўваў падлетку страляць з пісталета па той ці іншай. Другія даследчыкі настойваюць, што такія практыкаванні мелі месца нашмат раней. Не мог сын Уршулі Радзівіл быць непісьменным. І ў якасці доказу прыводзяць архіўны ліст, напісаны сямігадовым Пане Каханку. Бясспрэчнымі з’яўляюцца два факты: пачатковую адукацыю Караль атрымаў дома, а затым некалькі гадоў вучыўся ў езуіцкай школе. Калі надыйшоў час, мама Караля вырашыла яго ажаніць. Такую дробязь, як яго нежаданне, яна і не думала разглядаць як перашкоду. І вось неяк увечары ў суботу пані Уршуля Радзівіл загадвае сыну: «Апраніся заўтра да імшы ва ўсё самае лепшае». Той, здзіўлена паціснуўшы плячыма, пагадзіўся. Назаўтра спускаецца на службу пры парадзе … і трапляе на ўласнае вяселле! Трэба сказаць, шлюб атрымаўся на рэдкасць няўдалым. Жанаты Пане Каханку быў двойчы, але памёр бяздзетным.
– А якія легенды яшчэ вядомы пра Пане-Каханку? – зацікавіўся Янка.
– Самая знакамітая легенда – пра зіму пасярод лета, якую Пане Каханку загадаў зладзіць для сваіх гасцей. Аднойчы ў гарачую летнюю ноч ён абяцаў гасцям, што раніцай наступіць зіма. Магнат загадаў пасыпаць соллю дарогу ад замка да касцёла. Соль у тыя часы была вельмі дарагім прывазным таварам. А па ёй госці князевы каталіся на санках. Мноства гараджан назіралі яго выезд у карэце, якую запрэглі парай выдатных мядзведзяў. Мясцовыя сяляне і бедная шляхта па-свойму ацанілі гэту забаву – назапасіліся соллю і запомнілі тое катанне. Гісторыя дайшла ажно да нас, – слушна зазначыў навуковец Сяргей Уладзіміравіч.
– Сярожа, а памятаеш аповед, як пане прывёз з Францыі дынама-машыну? Паказваў гасцям, як яна б’ецца токам. Аднойчы тыя эксперыменты супалі з навальніцай. Пасля таго Пане Каханку абвясціў сябе ўладаром навальніцы. Госці падзівіліся і раз’ехаліся. Але адны вярнуліся. У іх Слуцкі маёнтак трапіла маланка, і той згарэў. «Уладар навальніцы» вымушаны быў трымаць марку і выплаціў кампенсацыю. Цікавы чалавек! – засведчыў бацька Янкі.
– Калі мы зможам сустрэцца зноў і наведаць Нясвіжскі замак? – з усмешкай запытаўся Сяргей Аляксеевіч.
Янка, скеміўшы, што госць збіраецца сыходзіць, вырашыў выпрасіць яшчэ адну гісторыю пра Пане Каханку – Караля Станіслава Радзівіла.
– Ну, добра, тады самая апошняя, слухай: любіў паніч гуляць у більярд, але не любіў прайграваць. Таму і прыдумаў маленькую хітрасць: загадаў пераслаць падлогу ў більярднай зале на каўчуковыя падушкі. Калі біў Караль Станіслаў, падлога заставалася нерухомай, калі ж біў супернік – пачыналі хадзіць слугі, падлога разгойдвалася, і ўдары змазваліся.
І добрыя сябры пажартавалі:
– Хіба не так ўсё было?
– Не ведаю, я гэтага бачыць не мог, мяне тады яшчэ не было, – з усмешкай адказаў бацька Янкі.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ